1 Пт 3
 1  Таксама і вы, жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, каб і тыя, што не скараюцца слову, ладам жыцьця жонак бяз слова былі здабываныя,   
 2  гледзячы на чыстае жыцьцё вашае ў страху [Божым].   
 3  Няхай будзе [аздобаю] ня вонкавае заплятаньне валасоў і залатыя ўпрыгожваньні або апрананьне ў шаты сьвету,   
 4  але таемны сэрца чалавек у незьнішчальнасьці ціхага і спакойнага духа, што вельмі каштоўна перад Богам.   
 5  Бо гэтак некалі аздаблялі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужам, і сьвятыя жанчыны, якія спадзяваліся на Бога.   
 6  Гэтак Сара слухалася Абрагама, называючы яго гаспадаром, і вы сталіся дзецьмі яе, калі робіце дабро і не палохаецеся аніякага страху.   
 7  Таксама і вы, мужы, жывіце з разуменьнем з жонкамі, аддаючы ім, як найслабейшай пасудзіне, пашану, бо і яны — суспадчыньніцы ласкі жыцьця, каб не было перашкоды ў малітвах вашых.   
 8  Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спачувайце адзін аднаму, [будзьце] браталюбныя, спагадлівыя, пачцівыя,   
 9  не аддавайце ліхам за ліха ці зьнявагай за зьнявагу, а, наадварот, дабраслаўляйце, ведаючы, што вы дзеля гэтага пакліканыя, каб узяць у спадчыну дабраслаўленьне.   
 10  Бо хто хоча жыцьцё любіць і бачыць добрыя дні, няхай стрымлівае язык свой ад ліхоты і вусны свае, каб не гаварылі падступна,   
 11  няхай ухіляецца ад ліха і робіць дабро; няхай шукае супакою і імкнецца да яго.   
 12  Бо вочы Госпада — на праведных, і вушы Ягоныя — да просьбаў іхніх, але аблічча Госпада — супраць тых, якія робяць ліхое.   
 13  І хто зробіць вам зло, калі вы станецеся пераймальнікамі добрага?   
 14  Але калі вы і пацярпелі за праведнасьць, вы шчасьлівыя. А страху іхняга не палохайцеся і не трывожцеся.   
 15  Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовыя даць адказ кожнаму, хто просіць у вас слова адносна вашае надзеі, з ціхасьцю і са страхам,   
 16  маючы добрае сумленьне, каб у тым, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, былі асаромленыя тыя, якія ганяць ваш добры лад жыцьця ў Хрысьце.   
 17  Бо, калі хоча воля Божая, лепш цярпець, робячы добрае, чым робячы благое.   
 18  Бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, раз пацярпеў за грахі, Праведны — за няправедных, забіты целам, але ажыўлены Духам,   
 19  у Якім Ён і духам, што ў вязьніцы, пайшоўшы, абвяшчаў,   
 20  тым, якія некалі не скарыліся, калі чакала іх Божае доўгацярпеньне за дзён Ноя, пры будаваньні каўчэга, у якім некалькі, гэта значыцца восем душаў, былі ўратаваныя ад вады.   
 21  Гэтак і нас цяпер на ўзор гэтага хрышчэньне — не абмыцьцё бруду цела, але абяцаньне Богу добрага сумленьня, — збаўляе праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста,   
 22  Які, узыйшоўшы ў неба, знаходзіцца праваруч Бога, і Яму падпарадкаваныя анёлы, і ўлады, і сілы.