ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА   
 Ян 1
 1  На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.   
 2  Яно было ў Бога спрадвеку.   
 3  Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася.   
 4  У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей.   
 5  І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.   
 6  Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яго Ян.   
 7  Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыў пра Сьвятло, каб усе мелі веру праз яго.   
 8  Ня быў ён сьвятлом, але каб сьведчыў пра Сьвятло.   
 9  Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у сьвет.   
 10  Было Яно ў сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.   
 11  Да сваіх прыйшло, і свае Яго не прынялі.   
 12  А тым, што прынялі Яго, дало Яно ім сілу дзецьмі Божымі стацца, тым, якія вераць у імя Яго,   
 13  тым, што не ад крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.   
 14  І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ў Айца.   
 15  Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Той, Які пасьля мяне ідзе, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”».   
 16  І ад поўнасьці Яго ўсе мы прынялі ласку на ласку.   
 17  Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.   
 18  Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлоньні Айца, Той зьявіў.   
 19  І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерусаліму паслалі сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: «Хто ты?»   
 20  І ён прызнаў, і ня выракся, і прызнаў: «Я — не Хрыстос».   
 21  І спыталіся ў яго: «Дык што? Ты — Ільля?» І гаворыць: «Не». «Прарок?» І адказаў: «Не».   
 22  Дык сказалі яму: «Хто ж ты? Каб нам даць адказ тым, якія нас паслалі, што ты кажаш пра самога сябе?»   
 23  Ён сказаў: «Я — голас таго, хто кліча ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая».   
 24  А пасланыя былі з фарысэяў.   
 25  І яны спыталіся ў яго, і сказалі яму: «Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?»   
 26  Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас Той, Якога вы ня ведаеце;   
 27  гэта Той, Які ідзе за мною, але наперадзе мяне быў, Якому я ня варты разьвязаць рамень сандалаў Ягоных».   
 28  Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе хрысьціў Ян.   
 29  На наступны дзень бачыць Ян Ісуса, Які ішоў да яго, і кажа: «Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грэх сьвету.   
 30  Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Ідзе за мною Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”.   
 31  І я ня ведаў Яго; але дзеля таго, каб Ён быў зьяўлены Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадою».   
 32  І засьведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, Які зыходзіў з неба як голуб і застаўся на Ім.   
 33  І я ня ведаў Яго, але Той, Які паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: “На Кім угледзіш Духа, Які зыходзіць і застаецца на Ім, Ён і ёсьць Той, Які хрысьціць Духам Сьвятым”.   
 34  І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён і ёсьць Сын Божы».   
 35  На наступны дзень ізноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных.   
 36  І, угледзеўшы, што ідзе Ісус, ён гаворыць: «Вось, Ягня Божае!»   
 37  І пачулі двое вучняў ягоных, як казаў гэта, і пайшлі за Ісусам.   
 38  Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны ж сказалі Яму: «Раббі, — што перакладаецца Настаўнік, — дзе жывеш?»   
 39  Гаворыць ім: «Прыйдзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго той дзень. Было ж каля дзясятае гадзіны.   
 40  Адзін з двух, якія пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.   
 41  Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: «Мы знайшлі Мэсію, — што перакладаецца Хрыстос».   
 42  І ён прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты — Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, — што перакладаецца Камень».   
 43  На наступны дзень Ісус хацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Філіпа, і кажа яму: «Ідзі за Мною».   
 44  Філіп жа быў з Бэтсаіды, з гораду Андрэя і Пятра.   
 45  Філіп знаходзіць Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, пра Каго пісаў Майсей у Законе і Прарокі, — Ісуса, сына Язэпа, што з Назарэту».   
 46  І сказаў яму Натанаэль: «Ці ж можа быць што добрае з Назарэту?» Гаворыць яму Філіп: «Прыйдзі і паглядзі».   
 47  Ісус убачыў Натанаэля, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: «Вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма подступу».   
 48  Натанаэль кажа Яму: «Адкуль Ты даведаўся пра мяне?» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Раней, чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад дрэвам фігавым, Я бачыў цябе».   
 49  Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі! Ты — Сын Божы! Ты — Валадар Ізраіля!»   
 50  Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты верыш, бо Я сказаў табе: Я бачыў цябе пад дрэвам фігавым? Угледзіш больш за гэтае».   
 51  І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: ад цяпер угледзіце неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага».