Лк 24
 1  А ў першы дзень пасьля суботы вельмі рана прыйшлі яны да магілы, несучы падрыхтаваныя духмянасьці, і разам з імі некаторыя другія.   
 2  І знайшлі камень, адвалены ад магілы.   
 3  І ўвайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса.   
 4  І сталіся яны зьбянтэжаныя ад гэтага, і вось, сталі перад імі два мужы ў бліскучым адзеньні.   
 5  Калі ў страху схілілі яны абліччы да зямлі, тыя сказалі ім: «Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?   
 6  Яго няма тут, але Ён уваскрос. Узгадайце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,   
 7  кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць выдадзены ў рукі людзей грэшных, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць».   
 8  І ўзгадалі яны словы Ягоныя.   
 9  І, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі пра гэта ўсім Адзінаццаці і ўсім іншым.   
 10  А былі гэта Марыя Магдалена, і Яанна, і Марыя Якубава, і іншыя з імі, што сказалі пра гэта апосталам.   
 11  І падаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім.   
 12  А Пётар, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць прасьціну, што ляжала асобна, і адыйшоў, зьдзіўляючыся ў сабе з таго, што сталася.   
 13  І вось, у той жа дзень двое з іх ішлі ў мястэчка, што на адлегласьці ў шэсьцьдзесят стадыяў ад Ерусаліму, называнае Эмаус.   
 14  І яны гутарылі між сабою пра ўсе гэтыя здарэньні.   
 15  І сталася, калі яны гутарылі і разважалі між сабою, вось, Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі.   
 16  Вочы ж іхнія былі стрыманыя, дык не пазналі Яго.   
 17  Ён жа сказаў ім: «Што гэта за словы вы гаворыце між сабою, ідучы, і чаму вы панурыя?»   
 18  Адказваючы, адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму: «Ці ты адзін з вандроўнікаў у Ерусаліме і ня ведаеш, што сталася ў ім у гэтыя дні?»   
 19  І Ён сказаў ім: «Што?» Яны ж сказалі Яму: «Пра Ісуса з Назарэту, Які быў прарок, магутны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам;   
 20  як выдалі Яго першасьвятары і начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і ўкрыжавалі Яго?   
 21  А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, Які мае адкупіць Ізраіль. Але да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзень сёньня, як тое сталася.   
 22  Але некаторыя жанчыны з нашых зьдзівілі нас: быўшы раніцай ля магілы   
 23  і не знайшоўшы цела Ягонага, яны прыйшлі, кажучы, што ўгледзелі відзеж анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы.   
 24  І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і знайшлі так, як і казалі жанчыны, а Яго ня бачылі».   
 25  І Ён сказаў ім: «О, бяздумныя і павольныя сэрцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!   
 26  Ці ж ня гэтак трэба было цярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?»   
 27  І, пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім усё, што напісана пра Яго.   
 28  І наблізіліся яны да таго мястэчка, куды ішлі; і Ён паказаў, што ідзе далей.   
 29  І яны затрымлівалі Яго, кажучы: «Застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся да вечара». І Ён увайшоў, каб застацца з імі.   
 30  І сталася, калі Ён узьлягаў разам з імі, Ён, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў і даў ім.   
 31  І адчыніліся вочы іхнія, і яны пазналі Яго, а Ён стаўся нябачным для іх.   
 32  І казалі яны адзін аднаму: «Ці ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі адчыняў нам Пісаньне?»   
 33  І, устаўшы ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам Адзінаццаць і тых, што з імі,   
 34  якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону.   
 35  І яны распавялі, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хлеба.   
 36  Калі ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стаў сярод іх і кажа ім: «Супакой вам!»   
 37  Яны, жахнуўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа.   
 38  І Ён сказаў ім: «Што вы стрывожыліся? І чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?   
 39  Паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае, бо гэта Я Сам. Дакраніцеся да Мяне і пабачце, бо дух цела і костак ня мае, што, як бачыце, Я маю».   
 40  І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.   
 41  Калі ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і зьдзіўляліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут якую ежу?»   
 42  Яны ж далі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.   
 43  І, узяўшы, Ён еў перад імі.   
 44  І сказаў ім: «Вось тыя словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што мусіць споўніцца ўсё, што напісана пра Мяне ў Законе Майсея, і ў Прарокаў, і ў Псальмах».   
 45  Тады адчыніў ім розум дзеля зразуменьня Пісаньня.   
 46  І сказаў ім: «Так напісана і так належала цярпець Хрысту, і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень.   
 47  І будзе абвешчана ў імя Ягонае навяртаньне і адпушчэньне грахоў у-ва ўсіх народах, пачынаючы ад Ерусаліму.   
 48  А вы — сьведкі гэтага.   
 49  І вось, Я пасылаю абяцаньне Айца Майго на вас. Вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не апранецеся моцаю звыш».   
 50  І вывеў іх вонкі да Бэтаніі, і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.   
 51  І сталася, калі дабраслаўляў іх, стаў аддаляцца ад іх і быў узьнесены ў неба.   
 52  І яны, пакланіўшыся Яму, вярнуліся ў Ерусалім з вялікай радасьцю,   
 53  і былі ўсьцяж у сьвятыні, хвалячы і дабраслаўляючы Бога. Амэн.