ПАСЛАНЬНЕ ДА ФІЛІПЯНАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА   
 Флп 1
 1  Павал і Цімафей, слугі Ісуса Хрыста, — усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, якія ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі:   
 2  ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.   
 3  Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне пра вас,   
 4  заўсёды ў кожнай просьбе маёй за ўсіх вас просячы з радасьцю,   
 5  за вашую супольнасьць у Эвангельлі ад першага дня аж да цяперашняга,   
 6  маючы пэўнасьць у тым, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, будзе зьдзяйсьняць [яе] аж да дня Ісуса Хрыста,   
 7  як справядліва мне думаць адносна ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы як у путах маіх, так і ў абароне, і ў сьцьвярджэньні Эвангельля, вас, якія ўсе — удзельнікі са мною ў ласцы.   
 8  Бо Бог мне сьведка, як я прагну ўсіх вас сэрцам Ісуса Хрыста;   
 9  і малюся пра тое, каб любоў вашая яшчэ больш і больш памнажалася ў пазнаньні і ўсякім разуменьні,   
 10  каб, выпрабоўваючы, што лепшае, вы былі чыстымі і без спатыкненьня ў дзень Хрыстовы,   
 11  напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу і пахвалу Божую.   
 12  Хачу, браты, каб вы даведаліся, што тое, што са мной [сталася], выйшла больш на посьпех Эвангельля,   
 13  так што путы мае ў Хрысьце сталіся яўнымі ў-ва ўсёй прэторыі і ўсім іншым,   
 14  і многія з братоў у Госпадзе, перакананыя путамі маімі, яшчэ больш адважыліся бяз страху гаварыць Слова.   
 15  Некаторыя, праўда, — з зайздрасьці і сваркі, а некаторыя — з упадабаньня абвяшчаюць Хрыста.   
 16  Тыя, што ў сварлівасьці, — прапаведуюць Хрыста ня чыста, мяркуючы павялічыць прыгнёт путаў маіх,   
 17  а тыя, што ў любові, — ведаючы, што дзеля абароны Эвангельля я пастаўлены.   
 18  Бо што з гэтага? Усякім чынам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос прапаведуецца, і я з гэтага радуюся і буду радавацца.   
 19  Бо я ведаю, што гэта станецца мне на збаўленьне праз вашыя просьбы і дапамогу Духа Ісуса Хрыста,   
 20  паводле спадзяваньня і надзеі маёй, што я ні ў чым ня буду асаромлены, але з усёй адвагай, як заўсёды, гэтак і цяпер, будзе ўзьвялічаны Хрыстос у целе маім, ці то жыцьцём, ці то сьмерцю.   
 21  Бо для мяне жыцьцё — Хрыстос, і сьмерць — набытак.   
 22  А як жыцьцё ў целе [дае] плод маёй справе, ня ведаю, што і выбраць.   
 23  Бо цягне адно і другое. Маю жаданьне разьвязацца і быць з Хрыстом, і гэта нашмат лепш,   
 24  а заставацца ў целе больш патрэбна дзеля вас.   
 25  І я напэўна ведаю, што застануся і затрымаюся з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці веры,   
 26  каб пахвала вашая ў Хрысьце Ісусе памнажалася ў-ва мне, калі зноў прыйду да вас.   
 27  Толькі жывіце дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб мне, ці як прыйду і ўбачу вас, ці адсутны, чуць пра вас, што вы стаіцё ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Эвангельскую   
 28  і ані ў чым не палохаючыся супраціўнікаў. Гэта для іх ёсьць доказ загубы, а для вас — збаўленьня, і гэта ад Бога,   
 29  бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі верыць у Яго, але і цярпець дзеля Яго,   
 30  маючы такое самае змаганьне, якое вы бачылі ў-ва мне і цяпер чуеце пра мяне.