Флп 2
 1  Дык калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць якая сардэчнасьць і міласэрнасьць,   
 2  дапоўніце маю радасьць, каб вы тое самае думалі, тую самую любоў мелі, былі аднадушныя і аднадумныя,   
 3  нічога ня [робячы] дзеля сварлівасьці ці дзеля пустое пахвальбы, але ў пакоры розуму шануючы адзін аднога як вышэйшых за сябе.   
 4  Не на сваё [толькі] няхай кожны зважае, але і на тое, што іншых.   
 5  Бо няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце Ісусе,   
 6  Які, маючы постаць Бога, не лічыў захопам быць роўным Богу,   
 7  але прынізіў Сябе, прыняўшы постаць слугі, стаўшыся на падабенства людзей і знойдзены выглядам, як чалавек,   
 8  панізіў Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да сьмерці, і сьмерці крыжовай.   
 9  Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя,   
 10  каб у імя Ісуса схілілася ўсякае калена нябесных, зямных і падземных   
 11  і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад Ісус Хрыстос у славу Бога Айца.   
 12  Так што, улюбёныя мае, як вы заўсёды слухаліся, ня толькі, калі я прыходзіў, але шмат больш цяпер, у адсутнасьць маю, са страхам і трымценьнем зьдзяйсьняйце збаўленьне сваё,   
 13  бо Бог ёсьць Той, Які дзейнічае ў вас паводле ўпадабаньня [Свайго], каб вы і хацелі, і дзейнічалі.   
 14  Усё рабіце без нараканьняў і хістаньняў,   
 15  каб вы былі беззаганнымі і шчырымі дзецьмі Божымі, беззаганнымі сярод пакаленьня скрыўленага і сапсаванага, у якім вы сьвеціце, як сьвятло ў сьвеце,   
 16  захоўваючы слова жыцьця, на пахвалу маю ў дзень Хрыстовы, што я не надарма бег і не надарма працаваў.   
 17  Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і служэньне веры вашай, я радуюся, і радуюся разам з усімі вамі.   
 18  З гэтага самага і вы радуйцеся, і радуйцеся разам са мною.   
 19  А я спадзяюся ў Госпадзе Ісусе хутка паслаць да вас Цімафея, каб і я ўсьцешыўся, даведаўшыся пра вас.   
 20  Бо ня маю нікога роўнага душою, хто б гэтак шчыра пра вас клапаціўся.   
 21  Бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што Хрыста Ісуса.   
 22  А яго выпрабаванасьць вы ведаеце, бо ён, як сын бацьку, служыў мне дзеля Эвангельля.   
 23  Дык я спадзяюся паслаць яго неадкладна, як толькі даведаюся адносна сябе.   
 24  Бо я пэўны ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду.   
 25  Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і таварыша майго, а вашага пасланца і служыцеля ў патрэбе маёй,   
 26  бо ён жадаў [бачыць] усіх вас і тужыў, што вы пачулі пра нядужасьць ягоную.   
 27  Бо ён быў хворы амаль сьмяротна; але Бог зьлітаваўся над ім, дый не над ім толькі, але і нада мною, каб ня меў я смутку да смутку.   
 28  Дык я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго ізноў, узрадаваліся, і каб я ня быў засмучаны.   
 29  Дык прыйміце яго ў Госпадзе з усякай радасьцю і гэтакіх мейце ў паважаньні,   
 30  бо ён за справу Хрыстовую быў блізкі да сьмерці, ня дбаючы пра душу [сваю], каб дапоўніць нястачу служэньня вашага мне.