Пс 18
 1  Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДАВА Давіда, які выказаў ГОСПАДУ словы сьпеву гэтага ў дзень, калі ГОСПАД вызваліў яго з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла. І ён казаў:   
 2  Буду любіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сіла мая! ГОСПАД — скала мая, замчышча маё, мой Збаўца!   
 3  Мой Бог — апора мая, у Ім я маю надзею; Ён — шчыт мой, рог збаўленьня майго і ўмацаваны замак мой!   
 4  Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.   
 5  Ахапілі мяне путы сьмерці, і віры Бэліяла стурбавалі мяне;   
 6  путы пякельныя агарнулі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.   
 7  У прыгнечаньні маім клікаў я ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой перад абліччам Ягоным дайшоў да вушэй Ягоных.   
 8  І, дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны гор затрэсьліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.   
 9  Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы, вугольле распальваецца ад Яго.   
 10  Нахіліў Ён неба і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.   
 11  Ён сеў на херувіма і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.   
 12  Ён зрабіў цемру заслонай Сваёй, вакол Яго — намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.   
 13  Ад бляску перад Ім разыйшліся хмары Ягоныя, град і вугольле вогненнае.   
 14  І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой, град і вугольле вогненнае.   
 15  І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, а мноствам маланак зьбянтэжыў іх.   
 16  І сталі бачныя рэчышчы водаў, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.   
 17  Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,   
 18  вызваліў мяне ад ворага майго моцнага і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны былі дужэйшыя за мяне.   
 19  Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.   
 20  І Ён вывеў мяне на вольны прастор, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.   
 21  ГОСПАД даў мне паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх мне аднагародзіў,   
 22  бо я захоўваў шляхі ГОСПАДАВЫ і не адступаў бязбожна ад Бога майго;   
 23  бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся.   
 24  Я быў беззаганны перад Ім і захоўваў сябе ад беззаконьня.   
 25  І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх перад вачыма Ягонымі.   
 26  З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,   
 27  для чыстага сэрцам Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага Ты падступны,   
 28  бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.   
 29  Ты запаліш сьветач мой; ГОСПАД, Бог мой, асьветліць цемру маю.   
 30  Бо з Табою я атакую войскі і з Богам маім узыйду на муры.   
 31  Бог, беззаганны шлях Ягоны; слова ГОСПАДА чыстае; Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.   
 32  Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА, і хто скала, акрамя Бога нашага?   
 33  Бог, Які падпярэзвае мяне сілай і дае беззаганнасьць шляху майму;   
 34  Ён робіць ногі мае як у аленя і на высачыні ставіць мяне,   
 35  навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць мядзяны лук.   
 36  І Ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая ўмацоўвала мяне, і ласкавасьць Твая памнажала мяне.   
 37  Ты даў прастору для кроку майго, і не хісталіся ногі мае.   
 38  Я перасьледаваў ворагаў маіх і даганяў іх, і не варочаўся назад, пакуль ня зьнішчыў іх.   
 39  Я гэтак скрышыў іх, што не маглі ўстаць; яны падалі пад ногі мае.   
 40  Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, Ты паваліў перада мною тых, што паўсталі супраць мяне.   
 41  Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзілі, я вынішчыў.   
 42  Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць; яны да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім.   
 43  Я стоўк іх, як той пыл пад ветрам, як балота на вуліцы, я стаптаў іх.   
 44  Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву народам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.   
 45  На вестку [пра мяне], чуюць мяне; сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.   
 46  Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.   
 47  Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая; і няхай ўзвысіцца Бог збаўленьня майго,   
 48  Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,   
 49  выратаваў мяне ад ворагаў маіх і ўзвысіў мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне; ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.   
 50  Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў і імя Тваё выслаўляць.   
 51  Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьяўляеш міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі.