Пс 38
 1  Псальм Давіда. Напамін.   
 2  ГОСПАДЗЕ, у абурэньні Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!   
 3  Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і лягла на мяне рука Твая.   
 4  Няма цэлага месца на целе дзеля гневу Твайго, няма супакою ў костках маіх дзеля грэху майго.   
 5  Бо правіны мае ўзьняліся вышэй галавы маёй, як бярэмя цяжкое яны абцяжарваюць мяне.   
 6  Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае дзеля дурасьці маёй.   
 7  Я скрывіўся, моцна схіліўся, усе дні ў смутку хаджу,   
 8  Бо сьцёгны мае напоўненыя распаленымі [ранамі], і няма цэлага месца ў целе маім.   
 9  Я зьнямогся і моцна скрышаны, я выю дзеля енку сэрца майго.   
 10  Госпадзе мой, перад Табою ўсё жаданьне маё, і уздыханьне маё ад Цябе не схаванае.   
 11  Сэрца маё трапечацца; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх — няма яго ў мяне.   
 12  Тыя, што любілі мяне, і бліжнія мае стаяць насупраць ранаў маіх, і сваякі мае стаяць здалёк ад мяне.   
 13  Тыя, што шукаюць душу маю, ставяць сіло [на мяне]; а тыя, што жадаюць ліхога для мяне, гавораць пра згубу маю і ўвесь дзень задумваюць падступнасьць.   
 14  А я, быццам глухі, ня чую, і быццам нямы, які не расчыняе вуснаў сваіх.   
 15  І стаўся я, быццам чалавек, які ня чуе, і няма дакараньня ў вуснах ягоных.   
 16  Бо на Цябе, ГОСПАДЗЕ, я спадзяюся; Ты адкажаш, Госпадзе, Божа мой!   
 17  Бо я сказаў: “Няхай яны ня радуюцца з мяне! Калі пахіснулася нага мая, няхай яны не вывышаюцца нада мною.   
 18  Бо я блізкі да падзеньня, і боль мой заўсёды перада мною.   
 19  Бо беззаконьне маё я апавядаю, сумую дзеля грэху майго.   
 20  А ворагі мае жывыя і ўзмацняюцца, і шматлікімі сталі тыя, якія няслушна мяне ненавідзяць.   
 21  Яны плацяць мне злом за дабро; яны супрацьстаяць мне, бо я за добрым ганюся.   
 22  Не пакінь мяне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, не аддаляйся ад мяне!   
 23  Пасьпяшайся на ўспамогу мне, Госпадзе выратаваньня майго!