Пс 50
 1  Псальм Асафа. Бог багоў, ГОСПАД прамовіў і кліча зямлю ад усходу сонца да захаду яго.   
 2  З Сыёну, вяршыні прыгажосьці, зазьзяў Бог.   
 3  Прыйдзе Бог наш і ня будзе маўчаць, перад абліччам Ягоным агонь палючы, навакол Яго – бура вялізарная.   
 4  Ён кліча неба, што ўверсе, і зямлю на суд народу Свайго:   
 5  “Зьбярыце да Мяне багабойных Маіх, якія заключылі запавет са Мною пры ахвяры!”   
 6  І будуць тады нябёсы апавядаць справядлівасьць Ягоную, бо Сам Бог [ёсьць] Судзьдзя. (Сэлях)   
 7  Слухай, народзе Мой, і Я буду гаварыць. Ізраілю, Я буду сьведчыць супраць цябе. Бог, твой Бог, — гэта Я!   
 8  Не за ахвяры твае буду вінаваціць цябе: цэласпаленьні твае перада Мною заўсёды!   
 9  Не вазьму Я быкоў з дому твайго, ані казлоў з абораў тваіх,   
 10  бо Мае ўсе зьвяры лясныя і скаціна, што тысячамі [ходзіць] па горах.   
 11  Я ведаю ўсе птушкі ў гарах, і зьвяры палявыя перада Мною.   
 12  Калі б Я згаладаўся, табе б Я не сказаў, бо Мой сусьвет і што напаўняе яго.   
 13  Ці ж Я ем мяса валоў і п’ю кроў казлоў?   
 14  Ахвяруй падзяку Богу, і споўні перад Найвышэйшым абяцаньні твае.   
 15  І кліч Мяне ў дзень трывогі, Я выратую цябе, і будзеш ушаноўваць Мяне.   
 16  А да бязбожніка сказаў Бог: “Навошта ты пералічваеш пастановы Мае, узьнімаеш запавет Мой да вуснаў тваіх,   
 17  і ненавідзіш настаўленьне, і словы Мае за сябе кідаеш?   
 18  Калі бачыш злодзея, маеш упадабаньне ў ім, і з чужаложнікамі частка твая.   
 19  Вусны свае расчыняеш на злое, і язык твой кнуе падступнае.   
 20  Ты сядзіш і супраць брата твайго гаворыш, абмаўляеш сына маці тваёй.   
 21  Гэтак ты рабіў, а Я маўчаў. Дык здалося табе, што Я такі самы, як ты! Але Я буду караць цябе і пастаўлю [твае справы] перад вачыма тваімі”.   
 22  Зважайце цяпер на гэта вы, што Бога забываеце, каб Я не схапіў [вас], бо ня будзе каму вызваліць.   
 23  Хто ахвяруе падзяку, той ушаноўвае Мяне, і хто парадкуе шлях свой, таму Я пакажу збаўленьне Божае.