Пс 51
 1  Кіраўніку хору: псальм Давіда,   
 2  калі прарок Натан прыйшоў да яго пасьля таго, як ён увайшоў да Батшэбы.   
 3  Зьлітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасьці Тваёй, і праз вялікую літасьць Тваю даруй правіны мае!   
 4  Абмый мяне ўсяго ад беззаконьня майго і ачысьці мяне ад грэху майго.   
 5  Бо я ведаю правіну маю, і грэх мой заўсёды перада мною.   
 6  Супраць Цябе, толькі супраць Цябе саграшыў я і ліхое ўчыніў перад вачыма Тваімі, бо Ты праведны ў словах Тваіх і чысты ў судзе Тваім.   
 7  Вось, я ў беззаконьні нарадзіўся, і ў грэху зачала мяне маці мая.   
 8  Вось, Табе даспадобы праўда ў нутры, дык дай мне пазнаць мудрасьць у сэрцы маім.   
 9  Акрапі мяне ізопам, каб я ачысьціўся; абмый мяне, каб я стаўся бялейшым за сьнег.   
 10  Дай мне пачуць радасьць і вясёласьць, каб узьвесяліліся косткі, якія Ты скрышыў.   
 11  Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і даруй мне ўсе беззаконьні мае.   
 12  Сэрца чыстае ствары ў-ва мне, Божа, і дух упэўнены аднаві ў-ва мне.   
 13  Не адкінь Ты мяне ад аблічча Твайго і Духа сьвятога Твайго не забірай у мяне!   
 14  Вярні мне радасьць збаўленьня Твайго, і духам шляхетным падтрымай мяне,   
 15  і я буду навучаць адступнікаў шляхам Тваім, і грэшнікі вернуцца да Цябе.   
 16  Вызваль мяне ад [віны] за кроў, Божа, Бог выратаваньня майго, і язык мой будзе крычаць пра справядлівасьць Тваю.   
 17  Адчыні, Госпадзе, вусны мае, і вусны мае будуць абвяшчаць хвалу Тваю.   
 18  Бо Ты не жадаеш ахвяраў, хоць бы я іх даў, і цэласпаленьні не даспадобы Табе.   
 19  Ахвяра для Бога — скрышаны дух; сэрцам скрышаным і зламаным Ты, Божа, не пагарджаеш!   
 20  Рабі добрае Сыёну паводле ласкі Тваёй, збудуй муры Ерусаліму.   
 21  Тады будуць Табе даспадобы ахвяры праведнасьці, цэласпаленьні і ахвяры дасканалыя; тады быкоў узьнясуць на ахвярнік Твой.