Пс 69
 1  Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Давіда.   
 2  Збаў мяне, Божа, бо воды да душы маёй даходзяць!   
 3  Я заграз у глыбокім балоце бяздонным; я патрапіў у глыбіню водную, і цячэньне мяне падхапіла.   
 4  Я зьнямогся ад крыку майго, засохла горла маё; змарыліся вочы мае, пакуль я спадзяваўся на Бога майго.   
 5  Больш, чым валасоў на галаве маёй, тых, што мяне ненавідзяць без прычыны, узмацніліся тыя, што нішчаць мяне, ворагі мае падступныя. Чаго не рабаваў, мушу аддаваць.   
 6  Божа, Ты ведаеш дурасьць маю, і правіны мае ад Цябе не схаваныя.   
 7  Ня дай праз мяне асароміцца тым, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, ГОСПАД Магуцьцяў; ня дай праз мяне асароміцца тым, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля!   
 8  Бо дзеля Цябе я ганьбу зношу, і сорамам пакрыта аблічча маё.   
 9  Я стаўся чужым для братоў маіх і чужынцам для сыноў маці маёй.   
 10  Бо руплівасьць пра дом Твой зьядае мяне, і зьнявагі тых, што Цябе зьневажаюць, зыйшлі на мяне.   
 11  І плакала ў посьце душа мая, і сталася гэта зьнявагай мне.   
 12  І зрабіў я зрэбніцу вопраткай маёй, і стаўся для іх прыповесьцю.   
 13  Абмаўляюць мяне тыя, што сядзяць у браме [гораду], і прыпеўкі пяюць тыя, што п’юць сікеру.   
 14  А я да Цябе малюся, ГОСПАДЗЕ, у час упадабаньня Твайго, Божа; у вялікай міласэрнасьці Тваёй пачуй Ты мяне, у праўдзе збаўленьня Твайго!   
 15  Выратуй мяне з балота, каб я не заграз; ратуй ад тых, што ненавідзяць мяне, і з глыбіняў водных!   
 16  Няхай не падхопіць мяне цячэньне водаў, няхай не праглыне мяне глыбіня, і няхай не сашчэміць нада мною калодзеж вуснаў сваіх.   
 17  Пачуй мяне, ГОСПАДЗЕ, бо добрая міласэрнасьць Твая! Паводле вялікай літасьці Тваёй павярніся да мяне.   
 18  І не хавай аблічча Твайго перад слугою Тваім, бо я прыгнечаны; хутчэй адкажы мне!   
 19  Наблізься да душы маёй, барані яе; насупраць ворагам маім выбаў Ты мяне!   
 20  Ты ведаеш ганьбу маю, і сорам мой, і зьнявагу маю; перад Табою ўсе, што перасьледуюць мяне.   
 21  Ганьба разьбіла сэрца маё, і я ў роспачы; я спадзяваўся на спачуваньне, і ня маю яго, і на пацяшальнікаў, і не знайшоў іх.   
 22  Яны далі мне замест стравы жоўць, і, калі я смагнуў, напаілі мяне воцатам.   
 23  Няхай станецца стол іхні перад абліччам іхнім пасткаю, і бясьпечнасьць — сілом.   
 24  Няхай зацемрацца вочы іхнія, каб ня бачылі, няхай сьцёгны іхнія заўсёды дрыжаць!   
 25  Вылі на іх ярасьць Тваю, і жар гневу Твайго няхай дагоніць іх!   
 26  Няхай апусьцее сяліба іхняя, у намётах іхніх няхай ніхто не жыве!   
 27  Бо таго, каго Ты б’еш, яны перасьледуюць, і пра боль таго, каго Ты параніў, яны абвяшчаюць.   
 28  Дадай беззаконьне да беззаконьня іхняга і ня дай ім прыйсьці да праведнасьці Тваёй.   
 29  Няхай будуць выкрэсьленыя з кнігі жывых і ня будуць запісаныя разам з праведнікамі.   
 30  А я прыгнечаны і поўны тугі; збаўленьне Тваё, Божа, няхай падыме мяне!   
 31  Я буду хваліць імя Божае сьпевам і ўзьвялічваць Яго з падзякаю.   
 32  І будзе гэта больш даспадобы ГОСПАДУ, чым вол, бык з рагамі і капытамі.   
 33  Угледзяць [гэта] ўцісканыя і ўзрадуюцца; і ў вас, што Бога шукаеце, няхай ажыве сэрца вашае!   
 34  Бо ГОСПАД выслухоўвае бедных і вязьнямі сваімі не пагарджае.   
 35  Няхай хваляць Яго неба і зямля, і мора, і ўсё, што рухаецца ў іх.   
 36  Бо збавіць Бог Сыён, і адбудуе гарады Юды, і яны паселяцца там, і возьмуць у спадчыну іх.   
 37  I насеньне слугаў Ягоных ў спадчыну іх атрымае, і той, хто любіць імя Ягонае, жыць будзе ў іх.