Пс 70
 1  Кіраўніку хору. Давіда. Напамін.   
 2  Божа, ратуй мяне! ГОСПАДЗЕ, пасьпяшайся на ўспамогу мне!   
 3  Няхай асаромяцца і зганьбяцца тыя, што шукаюць душы маёй! Няхай адступяцца і будуць у сораме тыя, якім даспадобы ліхоцьце маё!   
 4  Няхай павернуць наўцекі ў сораме сваім тыя, якія кажуць [мне]: “Ага! Ага!”   
 5  Няхай радуюцца і весяляцца ў Табе ўсе, хто шукае Цябе. Няхай кажуць заўсёды тыя, што любяць выратаваньне Тваё: “Будзь узьвялічаны, Божа!”   
 6  А я бедны і прыгнечаны, дык пасьпяшайся да мяне, Божа! Ты — ўспамога мая і ратунак мой. ГОСПАДЗЕ, не затрымлівайся!