Пс 71
 1  У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею. Ня дай мне асароміцца на вякі!   
 2  Паводле праведнасьці Тваёй выратуй мяне і вызвалі! Прыхілі да мяне вуха Тваё і збаў мяне!   
 3  Будзь мне скалой, дзе сяліба мая, куды прыходжу заўсёды, дзе Ты даў загад, каб збавіць мяне, бо Ты — скала мая і замчышча маё.   
 4  Божа мой, вызваль мяне з рукі бязбожніка, з рукі беззаконьніка і прыгнятальніка.   
 5  Бо Ты — надзея мая, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, пэўнасьць мая з маладосьці маёй!   
 6  На Цябе я абапіраўся ад чэрава [маці]; з нутра маці маёй Ты вывеў мяне; дык Табе заўсёды хвала мая!   
 7  Быццам дзіва стаўся я для многіх, і Ты — прыстанішча маё моцнае.   
 8  Няхай будуць напоўненыя вусны мае хвалой Табе, кожны дзень — услаўленьнем Цябе.   
 9  Не адкінь мяне ў час старасьці маёй; калі счэзнуць сілы мае, Ты не пакінь мяне!   
 10  Бо змаўляюцца ворагі мае супраць мяне, і тыя, што сочаць за душою маёй, радзяцца між сабою,   
 11  кажучы: “Бог пакінуў яго; дык ганіцеся за ім і схапіце яго, бо няма ў яго ратунку!”   
 12  Божа, не аддаляйся ад мяне! Божа мой, пасьпяшайся на ўспамогу мне!   
 13  Няхай будуць асаромленыя і зьнішчаныя тыя, што супрацьстаяць душы маёй! Няхай ганьбай і сорамам пакрыюцца тыя, што шукаюць ліхога для мяне!   
 14  А я заўсёды буду спадзявацца і множыць ўсю хвалу Тваю.   
 15  Вусны мае будуць абвяшчаць праведнасьць Тваю, і цэлы дзень — выратаваньне Тваё, бо ім лічбы ня ведаю я!   
 16  Перайду да магутнасьці Госпада, ГОСПАДА, буду ўзгадваць праведнасьць Тваю, толькі Тваю!   
 17  Божа, Ты вучыў мяне з маладосьці маёй, і дагэтуль я пра цуды Твае апавядаю.   
 18  І да старасьці, і да сівізны не пакідай мяне, Божа, пакуль я пра рамяно Тваё не распавяду пакаленьню гэтаму і пра магутнасьць Тваю — ўсім, што народзяцца яшчэ.   
 19  Бо праведнасьць Твая, Божа, аж да вышыняў, Ты чыніш вялікія рэчы. Божа, хто падобны да Цябе?   
 20  Ты даў нам угледзець шмат трывог і ліха, але Ты вернеш нас да жыцьця і з бяздоньняў зямлі зноў узьнімеш нас.   
 21  Ты памножыш велічнасьць маю і зноўку пацешыш мяне.   
 22  Дык я буду славіць на музычных інструмэнтах Цябе, мой Божа, і праўду Тваю! Буду выслаўляць Цябе на гусьлях, Сьвяты Ізраіля!   
 23  Узрадуюцца вусны мае, бо я Цябе выслаўляю, і душа мая, што Ты выбавіў яе.   
 24  І язык мой будзе цэлы дзень разважаць пра праведнасьць Тваю, бо асаромленыя і ў ганьбе тыя, што шукалі ліха для мяне.