Пс 72
 1  Для Салямона. Божа, дай суд Твой валадару, і праведнасьць Тваю — сыну валадара.   
 2  Няхай судзіць ён народ Твой паводле справядлівасьці, і ўбогіх Тваіх — паводле права.   
 3  Няхай прынясуць горы супакой народу, і ўзгоркі — праведнасьць.   
 4  Няхай ён судзіць убогіх з народу, выбаўляе сыноў беднякоў і скрышыць прыгнятальнікаў.   
 5  Няхай баяцца Цябе пакуль будзе сонца і перад абліччам месяца, з пакаленьня ў пакаленьне.   
 6  Няхай зыходзіць, як дождж на атаву, як кроплі дажджу, што зямля ад іх вільгатнее.   
 7  Няхай закрасуе праведнік у дні ягоныя, і будзе мноства супакою, аж пакуль месяц стаіць.   
 8  І няхай ён мае ўладу ад мора да мора і ад ракі аж да краю зямлі.   
 9  Перад абліччам ягоным упадуць жыхары пустыні, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл.   
 10  Валадары Таршышу і астравоў дары яму панясуць; валадары Шэбы і Сэбы прынясуць яму даніну.   
 11  І паклоняцца яму ўсе валадары, усе народы будуць служыць яму.   
 12  Бо ён ратуе беднага, калі той галосіць, і прыгнечанага, і таго, у каго няма дапамогі.   
 13  Ён літуецца над гаротным і бедным і выбаўляе душы бедакоў.   
 14  Ад ашуканства і гвалту вызваляе душы іхнія, і ў вачах ягоных кроў іхняя вельмі каштоўная.   
 15  І будзе ён жыць, і даваць яму будуць золата Шэбы, і будуць маліцца за яго заўсёды, і будуць дабраслаўляць яго ўсе дні.   
 16  І будзе дастатак збожжа на зямлі, на вяршынях гор; будуць шумець, як Лібан, каласы ягоныя, і мяшчане заквітнеюць, як трава на зямлі.   
 17  І будзе імя ягонае на вякі, перад абліччам сонца будзе трываць імя ягонае, і будуць дабраслаўлёныя ў ім усе народы, і будуць шчасьлівыя ў ім.   
 18  Дабраслаўлёны ГОСПАД Бог, Бог Ізраіля, Які Сам робіць цуды.   
 19  І дабраслаўлёнае імя славы Яго на вякі, і няхай напоўніцца славай Яго ўся зямля! Амэн, амэн!   
 20  Канец малітвы Давіда, сына Есэя.