Пс 73
 1  Псальм Асафа. Які добры Бог для Ізраіля, для тых, што чыстыя сэрцам!   
 2  А я — амаль спатыкнуліся ногі мае, ледзь не пакаўзнуліся крокі мае.   
 3  Бо я пазайздросьціў тым, што хваляць сябе, убачыўшы супакой бязбожнікаў,   
 4  бо яны не зазнаюць гора аж да сьмерці і добра ўскормлена цела іхняе,   
 5  нядолі людзкой яны ня маюць, і [кары], як у іншых людзей, няма для іх.   
 6  Дзеля гэтага атачае шыю іхнюю пыха, ліхадзейства нібы шатамі атуляе іх.   
 7  Ад тлустасьці павылазілі вочы іхнія, прыходзіць [ім] больш за ўяўленьні сэрца [іхняга].   
 8  Яны зьдзекуюцца і гавораць зласьліва; звысака гавораць пра крыўду.   
 9  Да неба ўзьнімаюцца вуснамі сваімі, а язык іхні па зямлі гуляе.   
 10  Дык туды і народ Ягоны паварочваецца, і шчодрыя воды выліваюцца на іх.   
 11  І тыя кажуць: “Як Бог даведацца? І ці мае веданьне [пра гэта] Найвышэйшы?”   
 12  Вось, гэткія ёсьць бязбожнікі, і ў спакоі вечным зьбіраюць яны багацьці.   
 13  Дык ці-ж зусім надарма я захоўваў ў чыстасьці сэрца сваё і абмываў у нявіннасьці рукі мае,   
 14  і білі мяне ўвесь дзень, і каралі мяне кожную раніцу?   
 15  Калі б я сказаў: “Буду думаць, як яны!”— я б гэтым адрокся ад пакаленьня сыноў Тваіх.   
 16  І разважаў я, каб зразумець [усё] гэта, і нядоляй гэта [здавалася] ў вачах маіх,   
 17  аж пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і тады зразумеў канец іхні.   
 18  Сапраўды, на коўзкім груньце Ты ставіш іх і спасылаеш на пагібель!   
 19  Як жа імгненна яны спустошаныя, загінулі, счэзьлі ад жаху!   
 20  Як сном пасьля абуджэньня, Ты, Госпадзе, збудзіўшыся, грэбуеш вобразам іхнім.   
 21  Бо згоркла сэрца маё і курчыліся ныркі мае,   
 22  я стаўся дурнем і ня ведаў нічога, і быў перад Табой, як жывёла,   
 23  але я быў пры Табе заўсёды! Ты трымаеш мяне за правую руку маю,   
 24  Ты вядзеш мяне паводле рады Тваёй, і потым возьмеш мяне ў славу [Тваю].   
 25  Каго ж я маю ў небе? І на зямлі апроч Цябе мне [ніхто] не даспадобы.   
 26  Зьнікаюць цела маё і сэрца маё, але Бог — скала сэрца майго і частка мая на вякі.   
 27  Бо, вось, гінуць тыя, што ад Цябе адыходзяць; Ты вынішчаеш кожнага, хто чужаложыць, [выракаючыся] Цябе.   
 28  А для мяне блізкасьць Бога ёсьць дабро [для мяне]; я зрабіў у ГОСПАДЗЕ, Госпадзе маім, прыстанішча маё, каб абвяшчаць усе справы Твае.