Пс 74
 1  Навучаньне Асафа. Чаму Ты, Божа, нас назаўсёды адкінуў? Чаму ўзгарэўся Твой гнеў на авечкі чарады Тваёй?   
 2  Узгадай пра грамаду Тваю, якую Ты здаўна набыў, якую бароніш, як кій спадчыны Сваёй, гару Сыён, на якой Ты жывеш!   
 3  Зьвярні стопы Твае да таго, што загінула назаўсёды, усё панішчыў вораг у сьвятыні.   
 4  Рыкаюць ненавісьнікі Твае пасярод [намёту] спатканьня Твайго; паставілі на знак [гэтага] знакаў сваіх.   
 5  Яны падобны да тых, што падымаюць ў гушчары лясным сякеру,   
 6  і цяпер усе разьбяныя рэчы ў [сьвятыні] бярдышамі і молатамі крышаць.   
 7  Яны пусьцілі з агнём сьвятыню Тваю, [кінуўшы] на зямлю, апаганілі сялібу іменьня Твайго.   
 8  Сказалі ў сэрцы сваім: “Усё зруйнуем дазваньня!”; папалілі ўсе [месцы] спатканьня з Богам на зямлі.   
 9  Знакаў нашых ня бачым мы болей; няма больш прарока, і нікога няма, хто б ведаў, як доўга гэта будзе.   
 10  Як доўга, Божа, будзе зьневажаць прыгнятальнік? Ці заўсёды вораг будзе пагарджаць імем Тваім?   
 11  Чаму Ты стрымліваеш руку Тваю і правіцу Тваю? Вым яе з-за пазухі Тваёй і ўдар!   
 12  Бог ёсьць Валадар мой заўсёды, Які збаўленьне дае на зямлі.   
 13  Ты моцай Тваёй разьдзяліў мора, скрышыў галовы цмокаў у водах.   
 14  Ты раструшчыў галаву левіятану, аддаў яго на ежу народу, што жыве ў пустыні.   
 15  Ты расьсёк крыніцу і ручай, Ты высушыў рэкі магутныя.   
 16  Твой ёсьць дзень, і Твая ёсьць ноч; Ты ўмацаваў сьвятло і сонца.   
 17  Ты назначыў усе межы зямлі; лета і зіму — Ты іх уфармаваў.   
 18  Памятай пра гэта: вораг зьневажае ГОСПАДА, і народ бязглузды пагарджае імем Тваім!   
 19  Не аддавай хеўры [гэтай] душу турка Твайго; не забудзь назаўсёды грамаду прыгнечаных Тваіх.   
 20  Узглянь на запавет Твой, бо цёмныя месцы зямлі напоўненыя сялібамі гвалту.   
 21  Няхай не вяртаецца ўцісьнёны асаромленым, няхай бедныя і прыгнечаныя хваляць імя Тваё!   
 22  Паўстань, Божа! Змагайся ў справе Тваёй! Узгадай, што бязглузды ганьбіць Цябе кожны дзень.   
 23  Не забудзь голас ненавісьнікаў Тваіх, гармідар тых, якія паўстаюць супраць Цябе, што ўсьцяж узьнімаецца!