Пс 80
 1  Кіраўніку хору: на лад: “Лілея сьведчаньня”. Псальм Асафа.   
 2  Пастыру Ізраіля, прыхілі вуха! Ты, Які, як авечкі, водзіш Язэпа, Які на херувімах сядаеш, зазьзяй!   
 3  Перад абліччам Эфраіма, і Бэн’яміна, і Манасы абудзі магутнасьць Тваю і прыйдзі збавіць нас!   
 4  Божа, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя!   
 5  ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, дакуль Ты будзеш ў гневе пры малітве народу Твайго?   
 6  Ты накарміў іх хлебам сьлёзаў і шчодра сьлязамі напаіў іх.   
 7  Ты паставіў нас як [костку] нязгоды дзеля суседзяў нашых, і ворагі нашыя кпяць над намі.   
 8  Божа Магуцьцяў, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя!   
 9  Ты вінаградную лазу вынес з Эгіпту, выгнаў народы і яе пасадзіў.   
 10  Ты расчысьціў [месца] перад абліччам яе, і ўкараніў карані ейныя, і яна напоўніла зямлю.   
 11  Горы пакрыліся ценем яе, і вецьце яе — як кедры Божыя.   
 12  Яна пусьціла галіны свае аж да мора, і парасткі свае — да ракі.   
 13  Чаму Ты раскідаў агароджу ейную, і кожны, хто ідзе дарогаю, абрывае яе?   
 14  Дзік лясны падкопвае яе, і зьвер палявы пасьвіцца ў ёй.   
 15  Божа Магуцьцяў, павярніся [да нас], зірні з неба, і паглядзі, і наведай вінаградную лазу гэтую!   
 16  Захавай тое, што правіца Твая пасадзіла, і парасткі, якія Ты для Сябе ўмацаваў.   
 17  Яны спалены агнём і пасечаны, і гінуць ад гневу аблічча Твайго.   
 18  Няхай рука Твая будзе над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для Сябе!   
 19  А мы не адступімся ад Цябе; ажыві нас, і мы будзем клікаць імя Тваё.   
 20  ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя!