Пс 81
 1  Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Асафа.   
 2  Весяліцеся перад Богам моцы нашай; радасна гукайце Богу Якубаваму!   
 3  Пачніце сьпяваньне, вазьміце бубны, гусьлі мілагучныя і псалтыр.   
 4  Дзьміце ў трубу ў маладзік, у поўню, у дзень нашага сьвята,   
 5  бо гэткая пастанова у Ізраілі, закон Бога Якубавага.   
 6  Ён паставіў гэта на сьведчаньне для Язэпа, калі выводзіў з зямлі Эгіпецкай, і мы пачулі мову, якой ня ведалі:   
 7  “Я прыбраў цяжар з плячэй ягоных, рукі ягоныя вольныя ад кашоў.   
 8  У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я выратаваў цябе; адказаў табе з-за заслоны грымотаў, выспрабаваў цябе пры водах Мэрыбы. (Сэлях)   
 9  Слухай, народзе Мой! Я буду сьведчыць супраць цябе, Ізраіль, каб ты паслухаў Мяне,   
 10  і не было ў цябе бога чужога, і не пакланяўся ты богу чужынцаў!   
 11  Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай! Расчыні шырока вусны твае, і Я напоўню іх.   
 12  Ды народ Мой не паслухаў голасу Майго, і Ізраіль ня быў паслухмяны Мне.   
 13  Дык Я пакінуў іх закамянеласьці сэрца іхняга, і яны хадзілі паводле намераў сваіх.   
 14  О, калі б народ Мой паслухаў Мяне, калі б Ізраіль хадзіў шляхамі Маімі,   
 15  Я б неўзабаве ўпакорыў ворагаў іхніх, і супраць прыгнятальнікаў іхніх павярнулася б рука Мая.   
 16  Тыя, што ГОСПАДА ненавідзяць, падпарадкаваліся б ім, а шчасьце іхняе трывала б на вякі.   
 17  І Я карміў бы іх з тлустасьці пшаніцы, мёдам са скалы насычаў бы іх”.