Пс 83
1 Сьпеў. Псальм Асафа.
2 Божа! Не маўчы, і ня будзь у маўчаньні і ў супакоі, Божа!
3 Бо вось, узварухнуліся ворагі Твае, і ненавісьнікі Тваі паднялі галаву.
4 Супраць народу Твайго яны кнуюць [намеры] таемныя і радзяцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш.
5 Яны сказалі: “Хадзіце і сатрэм іх між народамі, і імя Ізраіля ня будзе ўзгадвацца болей”.
6 Бо радзіліся яны аднадумна, супраць Цябе заключылі запавет
7 намёты Эдому і Ізмаэляне, Мааў і Агаране,
8 Геваль і Амон і Амалек, Філістынцы і жыхары Тыру.
9 І Асур далучыўся да іх, стаўся ён рамяном для сыноў Лёта. (Сэлях)
10 Зрабі ж Ты ім як Мадыяну, як Сісэры, як Явіну ля ручая Кішон,
11 якія зьнішчаныя каля Эндору, сталіся як гной на зямлі.
12 Учыні з імі, з магнатамі іхнімі як з Арэвам і Зэвам, і з усімі князямі іхнімі, як з Зэвахам і Сальмунам,
13 якія казалі: “Возьмем сабе ў спадчыну сялібы Божыя!”
14 Божа мой! Зрабі іх як [пыл у] віхуры, як салому пад ветрам!
15 Як агонь паліць лясы і як полымя апальвае горы,
16 гэтак перасьледуй Ты іх бурай Тваёю і віхрам Тваім напалохай!
17 Напоўні сорамам твары іхнія, і будуць шукаць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ.
18 Няхай будуць асаромленыя і спалоханыя навечна, няхай будуць у сораме і загінуць,
19 і пазнаюць, што імя Тваё — ГОСПАД, і толькі Ты — Найвышэйшы над усёй зямлёю.