Пс 98
 1  Псальм. Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў, бо Ён цуды ўчыніў! Правіца Ягоная і рамяно сьвятасьці Ягонай здабылі перамогу Яму.   
 2  ГОСПАД зьявіў збаўленьне Сваё, перад вачыма народаў адкрыў праведнасьць Сваю.   
 3  Узгадаў пра міласэрнасьць Сваю і вернасьць Сваю для дому Ізраіля. Усе канцы зямлі ўбачылі збаўленьне Бога нашага.   
 4  Усклікай ГОСПАДУ, уся зямля! Цешцеся, і радуйцеся, і выслаўляйце!   
 5  Выслаўляйце ГОСПАДА на гусьлях, на гусьлях і галосным сьпяваньнем!   
 6  На трубах і гукам рогу усклікайце перад абліччам Валадара ГОСПАДА!   
 7  Няхай мора гудзе і ўсё, што ў ім, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім!   
 8  Няхай пляскаюць у далоні рэкі, і горы радуюцца разам [з імі]   
 9  перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Сусьвет Ён будзе судзіць паводле праведнасьці і народы — паводле справядлівасьці.