Пс 115
 1  Ня нам, ГОСПАДЗЕ, ня нам, але іменьню Твайму дай Ты славу дзеля міласэрнасьці Тваёй, дзеля праўды Тваёй!   
 2  Навошта казаць паганам: “Дзе ж Бог іхні?”   
 3  А Бог наш у небе; усё, што Яму да спадобы, Ён робіць.   
 4  Іхнія ідалы — срэбра і золата, творы рук чалавечых.   
 5  Маюць вусны, і не гавораць; маюць вочы, і ня бачаць;   
 6  маюць вушы, і ня чуюць, маюць ноздры, і нюху няма;   
 7  рукі ў іх, і ня мацаюць; ногі ў іх, і ня ходзяць; і не выказваюцца горлам сваім.   
 8  Няхай стануцца падобнымі да іх тыя, што іх робяць, усе, што на іх спадзяюцца.   
 9  Ізраілю, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!   
 10  Доме Аарона, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!   
 11  Вы, што ГОСПАДА баіцёся, спадзявайцеся на ГОСПАДА: Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!   
 12  ГОСПАД памятае пра нас. Ён будзе дабраслаўляць, Ён будзе дабраслаўляць дом Ізраіля, Ён будзе дабраслаўляць дом Аарона,   
 13  Ён будзе дабраслаўляць тых, што баяцца ГОСПАДА, разам малых і вялікіх.   
 14  Няхай памножыць вас ГОСПАД, вас і вашых сыноў.   
 15  Дабраслаўлёныя вы ГОСПАДАМ, Які стварыў неба і зямлю.   
 16  Неба — неба ГОСПАДА, а зямлю Ён даў сынам чалавечым.   
 17  Ня мёртвыя хваляць ГОСПАДА, ня ўсе тыя, што зыходзяць ў [месца] маўчаньня,   
 18  але мы будзем дабраслаўляць ГОСПАДА ад цяпер і на вякі. Альлелюя!