ПЕСЬНЯ ПЕСЬНЯЎ САЛЯМОНА
Псн 1
1  Песьня песьняў Салямона.
2  «Няхай ён цалуе мяне пацалункамі вуснаў сваіх!» «Бо пяшчоты твае лепшыя за віно.
3  Пах алейкаў тваіх салодкі. Алей разьліты — імя тваё. Дзеля гэтага дзяўчыны кахаюць цябе».
4  «Цягні мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадару, у пакоі свае». «Будзем радавацца і весяліцца з табою, будзем узгадваць пра пяшчоты твае [больш], чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!»
5  «Чарнявая я, і зграбная, дочкі Ерусалімскія, як намёты Кедара, як палатніны Салямона.
6  Не глядзіце на мяне, што я смуглявая, бо сонца апаліла мяне. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, паставілі мяне пільнаваць вінаграднікі, а я не ўпільнавала вінаграднік мой.
7  Распавядзі мне, каханьне душы маёй, дзе ты пасьвіш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між чародаў таварышаў тваіх».
8  «Калі ня ведаеш гэтага, найпрыгажэйшая між жанчынаў, дык ідзі па сьлядах авечак, і пасьві казьлянятаў тваіх каля буданоў пастушыных.
9  Да жаробкі ў калясніцы фараона я ўпадобніў цябе, сяброўка мая.
10  Прыгожыя шчочкі твае пад кляйнотамі, шыя твая — у каралях.
11  Мы зробім табе кляйноты залатыя з блішчыкамі срэбнымі».
12  «Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разьліваў водар свой.
13  Любы мой для мяне — як мяшэчак з мірам, які начуе на грудзях маіх.
14  Любы мой для мяне — як гронка кіпровая ў вінаградніках Эн-Геды».
15  «Якая прыгожая ты, сяброўка мая, якая прыгожая! Вочы твае — як галубкі».
16  «Які прыгожы ты, любы мой, які цудоўны! Ложак наш — зеляніна,
17  страха дому нашага — кедры, столь нашая — кіпарысы».