Псн 2
1  «Я — нарцыс Сарону, лілея даліны!»
2  «Як лілея сярод церняў, так сяброўка мая сярод дзяўчатаў».
3  «Як яблына сярод дрэваў лясных, так любы мой сярод хлопцаў. У ценю ягоным прывабным я села, і плод ягоны салодкі для паднябеньня майго.
4  У дом банкетаваньня ён увёў мяне, і сьцяг ягоны нада мною — каханьне.
5  Падмацуйце мяне пірагамі з разынкамі, асьвяжыце мяне яблыкамі, бо я млею ад каханьня.
6  Левая рука ягоная пад галавою маёй, а правіцай сваёй ён абдымае мяне».
7  «Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, сарнамі і ланямі палявымі, не будзіце і не падымайце каханую, аж пакуль сама не захоча».
8  «Голас любага майго! Вось, ён ідзе, узыходзіць на горы, пераскоквае ўзгоркі.
9  Любы мой падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць за сьцяною нашаю, заглядае праз вакно, зазірае праз краты.
10  Адказаў любы мой і сказаў да мяне: “Уставай, сяброўка мая, прыгажуня мая, і прыходзь.
11  Бо вось, зіма прайшла, дождж спыніўся і перастаў.
12  Пралескі відаць на зямлі, час сьпяваньня настаў, і голас туркаўкі чуваць у зямлі нашай.
13  Дрэва фігавае выдала пупышкі [свае], вінаград квітнее і разьлівае водар. Устань, прыходзь, сяброўка мая; прыгажуня мая, прыходзь!
14  Галубка мая, [што жывеш] у расколінах скалы, у схове пад стромаю, пакажы мне выгляд твой, дай мне пачуць голас твой, бо голас твой салодкі, і выгляд твой прывабны”».
15  «Лавіце нам лісаў, малых лісянятаў, якія нішчаць вінаграднікі, бо вінаграднікі нашыя квітнеюць».
16  «Любы мой [належыць] мне, а я — яму, ён пасьвіць сярод лілеяў.
17  Пакуль дзень дыхае [ветрам] і зьнікаюць цені, вярніся! Будзь падобны, любы мой, да сарны, да маладога аленя на гарах Бэтэр».