2 Кар 5
Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, зруйнуецца, мы маем пабудову ад Бога, дом, які не рукамі зроблены, вечны ў небе.
Бо дзеля гэтага мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашае жытло з неба,
каб мы знайшлі сябе апранутымі, а ня голымі.
Бо мы, знаходзячыся ў хаціне, уздыхаем пад цяжарам, бо ня хочам пазбыцца [яе], але апрануцца, каб сьмяротнае ахоплена было жыцьцём.
На гэта самае і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.
Дык мы заўсёды маем пэўнасьць і ведаем, што, жывучы ў целе, жывем па-за Госпадам.
Бо мы ходзім вераю, а ня бачаньнем.
Дык мы маем пэўнасьць і жадаем лепей жыць па-за целам і жыць у Госпадзе.
Дзеля гэтага мы намагаемся, ці жывучы ў Ім, ці па-за Ім, быць даспадобы Яму.
10  Бо ўсе мы мусім зьявіцца перад судовы пасад Хрыста, каб кожны атрымаў за тое, што ён учыніў, будучы ў целе, ці добрае, ці благое.
11  Дык, ведаючы страх Госпадавы, мы пераконваем людзей, а для Бога мы яўныя, і спадзяюся, што і для вашых сумленьняў яўныя.
12  Бо мы не адрэкамэндоўваем сябе вам зноў, але даем вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы [адказ] для тых, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам.
13  Бо калі мы дзівачэем, дык дзеля Бога; калі пры розуме, дык дзеля вас.
14  Бо любоў Хрыстова панукае нас, якія гэтак пастанавілі, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
15  І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, якія жывуць, больш не дзеля сябе жылі, але дзеля Таго, Які памёр за іх і ўваскрос.
16  Так што мы адгэтуль нікога ня ведаем паводле цела; а калі і ведалі Хрыста паводле цела, дык цяпер ужо ня ведаем.
17  Так што хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася ўсё новае.
18  Усё ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня.
19  Бо Бог быў у Хрысьце, пагаджаючы з Сабою сьвет, не залічваючы ім праступкаў іхніх, і ўклаў у нас слова прымірэньня.
20  Дык мы спаўняем пасольства замест Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: «Пагадзіцеся з Богам».
21  Бо Таго, Які грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцю Божай.