2 Кар 6
І працуючы разам [з Ім], мы просім, каб ласка Божая не надарма была атрыманая вамі.
Бо Ён кажа: «У час прыемны Я выслухаў цябе і ў дзень збаўленьня дапамог табе». Вось, цяпер час адпаведны, вось, цяпер дзень збаўленьня!
Мы нікому ні ў чым не даем спатыкненьня, каб ня ганілася служэньне,
але ў-ва ўсім адрэкамэндоўваем вам сябе, як служыцеляў Божых, у вялікай цярплівасьці, у прыгнётах, у патрэбах, у ўцісках,
у зьбіцьці, у вязьніцах, у забурэньнях, у працах, у чуваньнях, у пастах,
у чысьціні, у веданьні, у доўгацярплівасьці, у ласкавасьці, у Духу Сьвятым, у любові некрывадушнай,
у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праведнасьці ў правай і ў левай руцэ,
у славе і ганьбе, у ганьбаваньні і пахвале; нібы падманшчыкі, але праўдзівыя,
як невядомыя, але пазнаваныя; як тыя, што паміраюць, але, вось, мы жывыя; як караныя, але не забіваныя;
10  як засмучаныя, але заўсёды радасныя; як убогія, але многіх узбагачаем; як нічога ня маем, але ўсім валодаем.
11  Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае пашырылася.
12  Вам ня цесна ў нас, але ў сэрцах вашых цесна.
13  Дзеля гэткае ж платы, кажу [вам], як дзецям, пашырцеся і вы.
14  Ня будзьце пад чужым ярмом з бязьвернымі, бо якое таварыства праведнасьці і беззаконьня? Якая супольнасьць у сьвятла з цемраю?
15  А якая згода ў Хрыста з Бэліярам? Ці якая частка ў вернага з бязьверным?
16  Ці якая лучнасьць у бажніцы Божай з ідаламі? Бо вы — бажніца Бога Жывога, як сказаў Бог: «Буду жыць у іх і буду хадзіць з імі; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам».
17  Дзеля гэтага: «Выйдзіце спасярод іх і аддзяліцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыйму вас».
18  «І Я буду вам Айцом, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Усеўладны».