Бц 11
І была на ўсёй зямлі адна мова і адны словы.
І сталася, калі яны вандравалі з усходу, знайшлі раўніну ў зямлі Шынаар і там пасяліліся.
І сказалі яны адзін аднаму: “Давайце наробім цэглы і абпалім яе агнём”. І была ў іх цэгла замест камянёў, а смала была ў іх замест вапны.
І сказалі яны: “Давайце зробім сабе горад і вежу, у якой верх будзе да неба, і гэтым зробім сабе імя, каб не расьцярушыліся мы па абліччу ўсёй зямлі”.
І зыйшоў ГОСПАД, каб убачыць горад і вежу, якую будавалі сыны чалавечыя.
І сказаў ГОСПАД: “Вось, адзін народ і адна для ўсіх мова. І вось, што пачалі яны рабіць. І цяпер не спыніць іх ва ўсім, што яны задумалі зрабіць.
Давайце зыйдзем і памяшаем там іхнюю мову, каб не маглі разумець мовы адзін аднаго”.
І расьцярушыў іх ГОСПАД з таго месца па абліччы ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад.
Дзеля таго названа імя яго Бабілон, бо там зьмяшаў ГОСПАД мову ўсяе зямлі, і адтуль расьцярушыў іх ГОСПАД па абліччы ўсёй зямлі.
10  Вось радавод Сэма. Сэм меў сто гадоў і нарадзіў Арпахшада праз два гады пасьля патопу.
11  І жыў Сэм па нараджэньні Арпахшада пяцьсот гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
12  І Арпахшад жыў трыццаць пяць гадоў, і нарадзіў Шэляха.
13  І жыў Арпахшад па нараджэньні Шэляха чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок.
14  І Шэлях жыў трыццаць гадоў, і нарадзіў Эвэра.
15  І жыў Шэлях па нараджэньні Эвэра чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок.
16  І жыў Эвэр трыццаць чатыры гады, і нарадзіў Пэлега.
17  І жыў Эвэр па нараджэньні Пэлега чатырыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
18  І жыў Пэлег трыццаць гадоў, і нарадзіў Рэву.
19  І жыў Пэлег па нараджэньні Рэву дзьвесьце дзевяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
20  І жыў Рэву трыццаць два гады, і нарадзіў Сэруга.
21  І жыў Рэву па нараджэньні Сэруга дзьвесьце сем гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
22  І жыў Сэруг трыццаць гадоў, і нарадзіў Нахора.
23  І жыў Сэруг па нараджэньні Нахора дзьвесьце гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
24  І жыў Нахор дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіў Тэраха.
25  І жыў Нахор па нараджэньні Тэраха сто дзевятнаццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
26  І жыў Тэрах семдзесят гадоў, і нарадзіў Абрама, Нахора і Арана.
27  І вось радавод Тэраха. Тэрах нарадзіў Абрама, Нахора і Арана, а Аран нарадзіў Лёта.
28  І памёр Аран перад абліччам Тэраха, бацькі свайго, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім.
29  І ўзялі Абрам і Нахор сабе жонак. Імя жонкі Абрама — Сарай, а імя жонкі Нахора — Мілька, дачка Арана, бацькі Мількі і бацькі Іскі.
30  І была Сарай бясплодная, яна ня мела дзяцей.
31  І ўзяў Тэрах Абрама, сына свайго, і Лёта, сына Арана, унука свайго, і Сарай, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў з імі з Уру Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі ў Харан, і пасяліліся там.
32  І было дзён Тэраха дзьвесьце пяць гадоў жыцьця, і памёр Тэрах у Харане.