Бц 37
І жыў Якуб у зямлі вандраваньня бацькі свайго, у зямлі Ханаан.
Вось радавод Якуба. Язэп, маючы сямнаццаць гадоў, пасьвіў авечкі з братамі сваімі. І быў ён юнаком, разам з сынамі Більгі і сынамі Зільпы, жонак бацькі свайго. I прыносіў Язэп ліхія весткі пра іх да бацькі іхняга.
А Ізраіль любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонае; і ён справіў яму каляровую шату.
I ўбачылі браты ягоныя, што бацька іхні любіць яго больш за ўсіх братоў, і зьненавідзелі яго, і не маглі гаварыць з ім спакойна.
I сьніў Язэп сон, і расказаў братам сваім, і яны яшчэ больш зьненавідзелі яго.
І ён сказаў ім: “Паслухайце, калі ласка, сон гэты, які я сьніў:
I вось, мы вяжам снапы сярод поля; і вось, устаў сноп мой, і так стаяў; і вось, абступілі яго снапы вашыя і пакланіліся снапу майму”.
I сказалі яму браты ягоныя: “Няўжо валадарачы, ты будзеш валадарыць над намі? Ці, пануючы, будзеш панаваць над намі?” I яшчэ больш зьненавідзелі яго за сны ягоныя і за словы ягоныя.
I сьніў ён яшчэ другі сон, і расказаў яго братам сваім, і сказаў: “Вось, я сьніў яшчэ сон: і вось, сонца, і месяц, і адзінанцаць зорак кланяліся мне”.
10  I ён распавёў бацьку свайму і братам сваім; і насварыўся на яго бацька ягоны, і сказаў яму: “Што гэта за сон, які ты сьніў? Ці ж прыходзячы, прыйду я, і маці твая, і браты твае, каб пакланіцца табе да зямлі?”
11  I зайздросьцілі яму браты ягоныя, а бацька ягоны захоўваў гэтае слова.
12  I пайшлі браты ягоныя пасьвіць авечкі бацькі свайго ў Сыхем.
13  I сказаў Ізраіль Язэпу: “Ці ж браты твае ня пасьвяць у Сыхеме? Ідзі, я пашлю цябе да іх”. А ён сказаў яму: “Вось я!”
14  I сказаў яму: “Пайдзі, прашу, паглядзі, ці ў супакоі браты твае і ці ў супакоі авечкі, і прынясі мне вестк”. I паслаў яго з даліны Хеўрон; і ён пайшоў у Сыхем.
15  I знайшоў яго [нейкі] чалавек, а вось, ён блукаў у полі, і спытаўся ў яго той чалавек, кажучы: “Што шукаеш?”
16  А ён сказаў: “Я шукаю братоў маіх. Прашу, скажы мне, дзе яны пасьвяць?”
17  I сказаў чалавек той: “Яны вырушылі адсюль, бо я чуў, як яны казалі: “Хадзем у Датан”.” I пайшоў Язэп за братамі сваімі, і знайшоў іх у Датане.
18  I яны ўбачылі яго здалёк, перш, чым ён наблізіўся да іх, і змовіліся супраць яго, каб усьмерціць яго.
19  I сказалі адзін да аднаго: “Вось, гэты гаспадар сноў ідзе.
20  I цяпер хадзем, і заб’ем яго, і кінем яго ў нейкую яму, і скажам: “Злы зьвер зьеў яго”, і паглядзім, што будзе з ягоных сноў”.
21  I пачуў [гэта] Рубэн, і выбавіў яго з рук іхніх, і сказаў: “Не забівайма душы”.
22  I сказаў ім Рубэн: “Не разьлівайце крыві, кіньце яго ў гэтую яму, якая ў пустыні, а рукі не выцягніце на яго”, каб выбавіць яго ад рукі іхнае, каб вярнуць яго бацьку ягонаму.
23  I сталася, калі Язэп прыйшоў да братоў сваіх, яны зьнялі з Язэпа адзеньне ягонае, шату каляровую, якая была на ім.
24  I ўзялі яго, і кінулі яго ў яму; а яма была пустая, не было ў ёй вады.
25  I селі яны есьці хлеб, і ўзьнялі вочы свае, і ўбачылі, і вось, караван Ізмаэльцаў ідзе з Гілеаду, і вярблюды іхныя нясуць пахнідлы, бальзам і ладан, ідучы, каб завезьці гэта ў Эгіпет.
26  I сказаў Юда братам сваім: “Якая карысьць, што мы заб’ем брата нашага і схаваем кроў ягоную?
27  Пойдзем і прадамо яго Ізмаэльцам, і рукі нашыя няхай ня будуць на ім; бо ён — брат наш, цела наша”. I паслухалі [яго] браты ягоныя.
28  I праходзілі тыя людзі, купцы Мадыянскія, а яны выцягнулі Язэпа з ямы, і прадалі Язэпа Ізмаэльцам за дваццаць срэбнікаў; і тыя завялі Язэпа ў Эгіпет.
29  I вярнуўся Рубэн да ямы, і вось, няма Язэпа ў яме. I разарваў ён адзеньне сваё,
30  і вярнуўся да братоў сваіх, і сказаў: “Хлопца няма, а я, куды я пайду?”
31  I ўзялі яны шату Язэпаву, і зарэзалі казла, і занурылі шату ў кроў;
32  I паслалі шату каляровую, і прынесьлі бацьку свайму, і сказалі: “Гэта мы знайшлі. Спраўдзь, просім, ці гэта адзеньне сына твайго, ці не?”
33  I ён пазнаў яго, і сказаў: “Шаты сына майго. Дзікі зьвер зьеў яго, разьдзіраючы; разьдзёрты Язэп”.
34  I разарваў Якуб адзеньне сваё, і апрануў зрэбніцу на сьцёгны свае, і плакаў па сыне сваім шмат дзён.
35  I ўсталі ўсе сыны ягоныя, і ўсе дочкі ягоныя, каб пацешыць яго, але ён адмаўляўся пацешыцца, і казаў: “Бо зыйду да сына майго са смуткам у апраметную” I плакаў па ім бацька ягоны.
36  А Мадыяняне прадалі яго ў Эгіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.