Бц 38
I сталася ў той час, і зыйшоў Юда ад братоў сваіх, і паставіў [намёт свой] у аднаго Адулямца, імя якога — Хіра.
I ўбачыў там Юда дачку аднаго Хананейца, імя якога — Шуа, і ўзяў яе, і ўвайшоў да яе.
I яна зачала, і нарадзіла сына; і ён назваў імя ягонае Ер.
I зачала яна зноў, і нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Анан.
I яшчэ дадала, і нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Шэля. Яна была ў Хезіве, як нарадзіла яго.
I ўзяў Юда жонку для Ера, першароднага свайго, імя якой — Тамар.
I быў Ер, першародны Юды, ліхі ў вачах ГОСПАДА, і ўсьмерціў яго ГОСПАД.
I сказаў Юда Анану: «Увайдзі да жонкі брата свайго, і споўні абавязак швагра з ёю, і узнаві насеньне брату свайму».
I ведаў Анан, што не яму будзе насеньне; і было, што калі ён уваходзіў да жонкі брата свайго, выліваў на зямлю, каб ня даць насеньня брату свайму.
10  I было ліхім у вачах ГОСПАДА тое, што ён рабіў; і Ён таксама ўсьмерціў яго.
11  I сказаў Юда Тамары, нявестцы сваёй: “Застанься ўдавою ў доме бацькі свайго, пакуль вырасьце Шэля, сын мой”. Бо ён сказаў: “Каб не памёр таксама ён, як браты ягоныя”. I пайшла Тамар, і жыла ў доме бацькі свайго.
12  I прайшло шмат дзён, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. I суцешыўся Юда [пасьля жалобы], і ўзыйшоў у Тымну да стрыгачоў авечак сваіх, сам і Хіра Адулямец, таварыш ягоны.
13  І паведамілі Тамар, кажучы: “Вось, сьвёкар твой узыходзіць у Тымну стрыгчы авечак сваіх”.
14  I яна скінула з сябе ўдовінае адзеньне сваё, і засланілася вэлюмам, і, захінуўшыся, села каля ўваходу ў Энаім, які на дарозе да Тымны, бо бачыла, што Шэля вырас, а яна ня дадзена яму за жонку.
15  I ўбачыў яе Юда, і падумаў, што яна — блудніца, бо яна закрыла аблічча сваё.
16  І ён павярнуў да яе з дарогі і сказаў: “Дазволь, прашу, увайду да цябе”. Бо ён ня ведаў, што яна — невестка ягоная. А яна сказала: “Што ты дасі мне, калі ўвойдзеш да мяне?”
17  I ён сказаў: “Я прышлю табе казьляня з чарады”. А яна сказала: “Ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш [яго]”.
18  I ён сказаў: “Якую заруку даць табе?” А яна сказала: “Пячатку тваю, і пасак твой, і кій твой, які ў руцэ тваёй”. I ён даў ёй, і ўвыайшоў да яе; і яна зачала яму.
19  І ўстала, і пайшла, і зьняла вэлюм свой з сябе, і апранулася ва шдовіны шаты.
20  I паслаў Юда казьляня праз рукі таварыша свайго Адулямца, каб узяць заруку з рукі жанчыны; але ён не знайшоў яе.
21  I пытаўся ён у людзей месца таго, кажучы: “Дзе блудніца, якая ў Энаіме пры дарозе?” А яны казалі: “Тут не было блудніцы”.
22  I вярнуўся ён да Юды, і сказаў: “Я не знайшоў яе; і таксама людзі таго месца казалі: “Тут не было блудніцы”.
23  I сказаў Юда: “Няхай яна возьме [заруку] сабе, каб толькі не было з нас кпінаў; вось, я паслаў казьляня гэтае, а ты не знайшоў яе”.
24  І сталася, што праз тры месяцы паведамілі Юдзе, кажучы: “Чужаложыла Тамар, нявестка твая, і нават яна цяжарная ад распусты”. I сказаў Юда: “Вывядзіце яе, і няхай будзе спаленая”.
25  Яе павялі [на спаленьне], а яна паслала да сьвёкра свайго, кажучы: “Ад чалавека, якога гэтыя [рэчы], я цяжарная”. I сказала: “Пазнавай, чыя пячатка, і пас, і кій вось гэтыя”.
26  I пазнаў [іх] Юда, і сказаў: “Яна справядліўшая за мяне, бо я ня даў яе Шэлі, сыну свайму”. I больш не пазнаваў яе.
27  I сталася ў часе родаў ейных, і вось, блізьняты ў жываце ейным.
28  I сталася пры родах, і высунуў [адзін] ручку; і ўзяла павітуха, і завязала на ручку яму чырвоную нітку, кажучы: “Гэты выйшаў першы”.
29  I сталася, што схавалася рука ягоная, і вось, выйшаў брат ягоны. I яна сказала: “Як ты прарваў перагароду?”. I назвала імя ягонае Пэрэс.
30  А потым выйшаў брат ягоны, у якога на руцэ чырвоная нітка. I назвала імя ягонае Зарах.