Разьдзел 12
Хто любіць настаўленьне, любіць веданьне, а хто ненавідзіць дакараньне, той дурань.
Добры знойдзе ласку ў ГОСПАДА, але чалавека зламыснага Ён асудзіць.
Ня будзе стаяць чалавек бязбожнасьцю, а корань праведных не захістаецца.
Дабрадзейная жонка — карона для мужа свайго, а бессаромная — як гніль у костках ягоных.
Думкі праведных слушныя, намеры бязбожнікаў падступныя.
Словы бязбожнікаў цікуюць на кроў, але вусны правых ратуюць іх.
Паваленыя бязбожнікі, і няма іх, а дом праведных будзе стаяць.
Хваляць чалавека паводле розуму ягонага, але той, хто мае ліхое сэрца, будзе пагарджаны.
Лепей быць простым і працаваць на сябе, чым выдаваць сябе за паважнага і ня мець хлеба.
10  Праведнік рупіцца пра жыцьцё быдла свайго, а нутро бязбожных бязьлітаснае.
11  Хто абрабляе сваю зямлю, той насыціцца хлебам, а хто ганяецца за марнасьцю, той ня мае розуму.
12  Бязбожнік жадае [злавіць у] пасткі ліхоцьця, а корань праведных прыносіць [плод].
13  Ліхадзей заблытаецца праз правіны вуснаў сваіх, а праведнік выйдзе з бяды.
14  З плоду вуснаў сваіх чалавек насыціцца дабром, і праца рук чалавека зьвернецца да яго.
15  Шлях неразумнага слушны ў вачах ягоных, але мудры той, хто слухае параду.
16  Гнеў неразумнага выяўляецца адразу, а разумны хавае зьнявагу.
17  Хто дыхае праўдаю, той выкажацца праўдзіва, а сьведка фальшывы хлусіць.
18  Ёсьць такі, што лапоча і раніць як мечам, а язык мудрага лечыць.
19  Вусны праўдамоўныя трываць будуць вечна, а язык хлусьлівы — імгненьне.
20  Ашуканства ў сэрцы тых, якія задумляюць ліхоту, а ў тых, якія радзяць мір, — радасьць.
21  Не спаткае праведніка нічога благога, а ў бязбожніка будзе поўна няшчасьцяў.
22  Агіда для ГОСПАДА вусны хлусьлівыя, а тыя, што дзейнічаюць сумленна, падабаюцца Яму.
23  Чалавек разумны прыхоўвае веданьне, а сэрца дурняў абвяшчае глупства.
24  Рука руплівых будзе мець уладу, а нядбайныя будуць даньнікамі.
25  Смутак у сэрцы чалавека прыгнятае яго, а добрае слова разьвяселіць яго.
26  Праведнік мае перавагу над бліжнім сваім, а шлях бязбожнікаў зводзіць іх саміх.
27  Гультай не сьпячэ ўпаляванага, а маёмасьць чалавека руплівага каштоўная.
28  На сьцежцы праведнасьці — жыцьцё, і на шляху яе няма сьмерці.