Разьдзел 11
Агіда для ГОСПАДА — шалі падманлівыя, а вагі дакладныя даспадобы Яму.
Прыходзіць пыхлівасьць, прыходзіць і ганьба, а ў пакорлівых — мудрасьць.
Беззаганнасьць правых вядзе іх, а крывадушнасьць здрадлівых загубіць іх.
Не дапаможа багацьце ў дзень гневу, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.
Праведнасьць беззаганнага раўняе шлях ягоны, а бязбожнік падае праз бязбожнасьць сваю.
Праведнасьць правых ратуе іх, а ліхадзеі будуць злоўленыя злачынствам сваім.
Калі памірае чалавек бязбожны, гіне надзея [яго], і спадзяваньне злачынцаў прападае.
Праведнік ратуецца ад бяды, а бязбожнік прыходзіць на месца яго.
Крывадушнік вуснамі забівае бліжняга свайго, а праведнік ратуецца праз веданьне.
10  Калі добра ідзе праведным, радуецца горад, і калі гінуць бязбожнікі, сьвяткуе.
11  Дабраславенствам правых узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.
12  Той, хто пазбаўлены розуму, пагарджае бліжнім сваім, а чалавек разумны захоўвае мір.
13  Хто ходзіць з абмовамі, адкрывае таямніцу, а той, хто верны духам, захоўвае слова.
14  Дзе няма добрай рады, народ прападае, а пры мностве дарадцаў — выратаваньне.
15  Шкодзіць сабе той, хто паручаецца за чужога, а хто ненавідзіць даваць руку, той бясьпечны.
16  Пачцівая жанчына здабывае славу, і моцныя здабываюць багацьце.
17  Чалавек міласэрны робіць дабро душы сваёй, а бязьлітасны нішчыць цела сваё.
18  Падманлівы набытак здабудзе бязбожнік, а таму, хто сее праведнасьць, будзе пэўная нагарода.
19  Праведнасьць [вядзе] да жыцьця, а хто імкнецца да зла, [імкнецца] да сьмерці.
20  Агіда для ГОСПАДА крывадушныя сэрцам, але тыя, хто ходзяць беззаганна, даспадобы Яму.
21  Можна паручы?цца, зло не пазьбегне пакараньня, а насеньне праведных будзе збаўленае.
22  Як залатое колца ў лычы сьвіньні, так прыгожая жанчына, але бяз розуму.
23  Прагненьне праведнікаў — толькі дабро, а чаканьне бязбожнікаў — гнеў.
24  Адзін сыпе [шчодра], і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, і бяднее.
25  Дабрадзейная душа будзе насычана, і хто поіць [другіх], сам напоены будзе.
26  Хто затрымлівае збожжа, таго праклінае народ, але дабраславенства на галаве таго, хто продае.
27  Хто імкнецца да дабра, той шукае зычлівасьці, а хто шукае зла, да таго яно прыйдзе.
28  Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе, а праведнікі, як лісьце, зелянеюць.
29  Хто руйнуе дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і неразумны будзе слугою мудрага сэрцам.
30  Плод праведнага — дрэва жыцьця, і мудры здабывае душы.
31  Вось, праведнік будзе мець адплату на зямлі, пагатоў бязбожнік і грэшнік.