Разьдзел 10
Прыповесьці Салямона. Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны сын — гора для маці.
Не прыносяць карысьці скарбы бязбожныя, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.
Не дазволіць ГОСПАД галадаваць душы праведніка, але адкіне жаданьні бязбожнікаў.
Лянівая рука робіць бедным, а рука працавітая ўзбагачае.
Хто летам зьбірае, той сын разважлівы, а хто сьпіць у жніво — сын ганебны.
Дабраславенствы — на галаве праведнага, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць.
Памяць пра праведніка дабраслаўлёная, а імя бязбожнікаў спарахнее.
Мудры сэрцам прыймае прыказаньні, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе.
Хто ходзіць беззаганна, той ходзіць бясьпечна, а хто кры?віць шляхі свае, будзе выяўлены.
10  Хто міргае вачыма, той робіць прыкрасьць, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе.
11  Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць.
12  Нянавісьць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе правіны.
13  У вуснах разумнага знаходзіцца мудрасьць, а кій — на сьпіне бязглуздага.
14  Мудрыя захоўваюць веданьне, а вусны неразумнага вядуць да загубы.
15  Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, загуба для бедных — іхняя галеча.
16  Праца праведніка вядзе да жыцьця, набытак бязбожніка — да грэху.
17  На сьцежцы жыцьця той, хто прыймае настаўленьне, а хто адкідае дакараньне — блукае.
18  Хто хавае нянавісьць, у таго вусны хлусьлівыя, а хто паклёп разносіць, той дурань.
19  У мностве словаў не пазьбегнеш грэху, а хто стрымлівае вусны свае, той разважлівы.
20  Язык праведніка — адборнае срэбра, а сэрца бязбожніка нічога ня вартае.
21  Вусны праведнага пасьвяць многіх, а бязглуздыя паміраюць ад нястачы розуму.
22  Дабраславенства ГОСПАДАВА, яно ўзбагачае, і смутку з сабою не прыносіць.
23  Радасьць для дурня — учынкі ганебныя, а для чалавека разумнага — мудрасьць.
24  Тое, чаго баіцца бязбожнік, прыйдзе на яго, а прагненьні праведных споўняцца.
25  Калі пранясецца віхор, дык і ня будзе больш бязбожніка, а праведнік мае вечны падмурак.
26  Як воцат для зубоў і як дым для вачэй, так гультай для тых, што яго пасылаюць.
27  Страх ГОСПАДАЎ памнажае дні, а гады бязбожнікаў скароцяцца.
28  Чаканьне праведнікаў — радасьць, а спадзяваньне бязбожнікаў загіне.
29  Шлях ГОСПАДАЎ — апора для беззаганных і загуба для злачынцаў.
30  Праведнік не пахісьнецца навекі, а бязбожнікі ня будуць жыць на зямлі.
31  Вусны праведніка памнажаюць мудрасьць, а язык падступны будзе адсечаны.
32  Вусны праведніка ведаюць, што даспадобы [Богу], а вусны бязбожнікаў — падступнасьць.