Разьдзел 15
Лагодны адказ адхінае ярасьць, а слова абразьлівае выклікае гнеў.
Язык мудрых прыносіць веды, а вусны неразумных выказваюць глупства.
Вочы ГОСПАДА на кожным месцы, яны бачаць добрых і ліхіх.
Здаровы язык — дрэва жыцьця, а зласьлівы — заламаньне духа.
Неразумны грэбуе настаўленьнем бацькі, а хто зважае на дакараньні — разумнее.
У доме праведніка шмат багацьця, а ў набытках бязбожніка — замяшаньне.
Вусны мудрых сеюць веды, а сэрца бязглуздых не такое.
Ахвяра бязбожнікаў — агіда для ГОСПАДА, а малітвы правых Яму даспадобы.
Агіда для ГОСПАДА — шлях бязбожніка, а таго, хто імкнецца да праведнасьці, Ён любіць.
10  Таму, хто ўхіляецца з дарогі, — строгая кара, і той, хто дакараньне ненавідзіць, — памрэ.
11  Адхлань і пекла перад [вачыма] ГОСПАДА, а тым больш сэрцы сыноў чалавечых.
12  Насьмешнік ня любіць таго, хто яго дакарае, і да мудрых ня пойдзе.
13  Радаснае сэрца робіць аблічча вясёлым, а калі сэрца сумуе — дух разьбіты.
14  Сэрца разумнае шукае веданьня, а вусны неразумных жывяцца дурнотаю.
15  Усе дні прыгнечанага ліхія, а ў каго добра на сэрцы, у таго заўсёды бяседа.
16  Лепш малое ў страху ГОСПАДАВЫМ, чым вялікія скарбы, а з імі трывога.
17  Лепш крыху гародніны з любоўю, чым тлусты вол з нянавісьцю.
18  Чалавек гняўлівы выклікае звадкі, а няскоры да гневу супакойвае спрэчку.
19  Шлях гультая як жываплот з церня, а сьцежка правых — гладкая.
20  Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны чалавек пагарджае маці сваёй.
21  Дурасьць — радасьць для невука, а чалавек разумны ідзе простай дарогай.
22  Бяз рады руйнуюцца намеры, а з мноствам дарадцаў яны зьдзяйсьняюцца.
23  Радуецца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і якое добрае слова адпаведнае.
24  Сьцежка жыцьця ў разважлівага [вядзе] ўгару, каб пазьбегнуць адхлані, якая ў доле.
25  ГОСПАД развальвае дом пыхліўцаў, а мяжу ўдавы Ён вызначае.
26  Агіда для ГОСПАДА — думкі бязбожных, а прамовы чыстыя прыемныя [Яму].
27  Нішчыць свой дом сквапны да зыску, а хто ненавідзіць падарункі, будзе жыць.
28  Сэрца праведніка разважае адказ, а вусны бязбожнікаў вымаўляюць ліхоту.
29  ГОСПАД далёка ад бязбожнікаў, але малітвы праведных Ён чуе.
30  Сьвятло вачэй радуе сэрца, і добрая вестка ўмацоўвае косьці.
31  Вуха, якое слухае дакараньні жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.
32  Хто адкідае настаўленьне, грэбуе душою сваёю, а хто слухае дакараньняў, здабывае розум.
33  Страх ГОСПАДАЎ навучае мудрасьці, і ўпакораньне папераджае славу.