Разьдзел 16
Да чалавека [належыць] меркаваньне сэрца, але ад ГОСПАДА адказ языка.
Усе шляхі чалавека чыстыя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае душы.
Ускладзі на ГОСПАДА ўсе справы свае, і ўсе намеры твае зьдзейсьняцца.
Усё зрабіў ГОСПАД дзеля Сябе, і нават бязбожніка на дзень ліхі.
Агіда для ГОСПАДА кожны пыхлівы сэрцам, можна паручы?цца, ён не застанецца непакараным.
Міласэрнасьцю і праўдай адкупляецца беззаконьне, і страх ГОСПАДАЎ адводзіць ад зла.
Калі ГОСПАДУ даспадобы шляхі чалавека, Ён нават ворагаў ягоных пагодзіць з ім.
Лепш малое ў праведнасьці, чым багатыя прыбыткі ў беззаконьні.
Сэрца чалавека абдумвае шлях свой, але ГОСПАД накіроўвае крокі ягоныя.
10  Калі слова натхнёнае ў вуснах валадара, у судзе ня будзе падступным язык ягоны.
11  Вага і шалі справядлівыя — ад ГОСПАДА, і ўсе камяні ваговыя ў торбе — справа Ягоная.
12  Агіда для валадара — учынкі бязбожныя, бо пасад умацоўваецца праведнасьцю.
13  Падабаюцца валадару вусны праведныя, і таго, хто гаворыць праўдзіва, ён любіць.
14  Гнеў валадара — весьнік сьмерці, але мудры чалавек улагодзіць яго.
15  У сьвятле аблічча валадара — жыцьцё, і зычлівасьць ягоная — як воблака з позьнім дажджом.
16  Нашмат лепш прыдбаць мудрасьць, чым золата, і лепей прыдбаць розум, чым срэбра.
17  Шырокая дарога правых — адвярнуцца ад зла; хто пільнуе шлях свой, той захоўвае душу сваю.
18  Перад загубай ідзе пыхлівасьць, і перад падзеньнем — дух ганарысты.
19  Лепш скарацца духам з пакорнымі, чым дзяліць здабычу з пыхліўцамі.
20  Разважлівы ў слове знойдзе добрае, і той, хто спадзяецца на ГОСПАДА, — шчасьлівы.
21  Мудрага сэрцам называюць разумным, і слодыч вуснаў павялічвае веды.
22  Розум — крыніца жыцьця для тых, хто мае яго, але настаўленьне неразумных — глупства.
23  Сэрца мудрага робіць разважлівымі вусны ягоныя і мове ягонай дадае ведаў.
24  Прыемныя словы — сотавы мёд, асалода для душы і лекі для цела.
25  Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці.
26  Работнік цяжка працуе для сябе, бо рот ягоны прымушае яго.
27  Чалавек нягодны ліхоцьце рыхтуе, і ў вуснах ягоных нібы агонь, які паліць.
28  Чалавек падступны сее звадкі, і пляткар разьдзяляе сяброў.
29  Чалавек злачынны зводзіць бліжняга свайго і вядзе яго на шлях нядобры,
30  прыплюшчвае вочы свае, каб прыдумляць подступ, кры?віць губы свае, робячы ліха.
31  Сівізна — слаўная карона, на шляху праведнасьці знаходзяць яе.
32  Лепш павольны на гнеў, чым магутны, і той, які пануе над духам сваім, чым заваёўнік гораду.
33  Жэрабя кідаюць у заўлоньне, але ад ГОСПАДА ўсе суды яго.