Разьдзел 17
Лепш сухая луста ў супакоі, чым дом, поўны заколатай жывёлы, са сваркамі.
Разумны слуга будзе панаваць над шалапутным сы?нам і між братоў будзе дзяліць спадчыну.
Літавальны гаршчок — для срэбра, і горан — для золата, а сэрцы выпрабоўвае ГОСПАД.
Ліхотнік зважае на вусны нягодныя, хлус слухае язык згубны.
Хто насьміхаецца з беднага, той зьневажае Творцу яго, і хто цешыцца з няшчасьця, не пазьбегне пакараньня.
Карона старых — сыны сыноў, і слава сыноў — бацькі іхнія.
Не пасуе бязглуздаму паважная мова, тым больш шляхетнаму вусны брахлівыя.
Хабар — каштоўны камень у вачах гаспадара яго, куды толькі зьвернецца ён, будзе мець посьпех.
Хто прыкрывае правіну, шукае любові, а хто паўтарае слова, разьдзяляе сяброў.
10  Мацней дзейнічае нагана на разумнага, чым сто ўдараў на дурнога.
11  Ліхадзей шукае толькі непаслухмянства, таму бязьлітасны анёл будзе пасланы супраць яго.
12  [Лепш] спаткаць мядзьведзіцу, пазбаўленую дзяцей, чым дурня ў яго неразумнасьці.
13  Хто адплочвае злом за дабро, у таго зло не адыйдзе ад дому ягонага.
14  Пачатак звадкі — прарыў вады, перш, чым спрэчка пачнецца, пакінь [яе].
15  Той, хто апраўдвае злачынцу, і той, хто вінаваціць праведніка, — абодва агіда для ГОСПАДА.
16  Навошта грошы ў руцэ дурнога, каб набыць мудрасьці, калі няма розуму?
17  Сябра любіць у кожны час, і ў нядолі робіцца братам.
18  Чалавек, пазбаўлены розуму, дае руку і ручаецца перад абліччам бліжняга свайго.
19  Хто любіць сваркі, любіць грэх, і хто падымае высока вароты свае, шукае загубы.
20  Крывадушнае сэрца ня знойдзе дабра, і язык здрадлівы трапіць у бяду.
21  Хто нараджае неразумнага, — на смутак сабе, і бацька бязглуздага ня будзе цешыцца.
22  Радаснае сэрца аздараўляе, [нібы] лекі, а маркотны дух сушыць косьці.
23  Бязбожнік бярэ хабар з-за пазухі, каб скрывіць сьцежкі правасудзьдзя.
24  Перад абліччам разумнага — мудрасьць, а вочы дурня — на канцы зямлі.
25  Сын неразумны — згрызота для бацькі свайго і горыч для той, якая яго нарадзіла.
26  Таксама нядобра караць праведніка і біць шляхетнага за шчырасьць.
27  Хто мае веданьне, той у словах ашчадны, і чалавек разумны мае спакойны дух.
28  Таксама неразумны, калі маўчыць, лічыцца мудрым, і калі закрывае вусны свае, разважлівым.