Разьдзел 21
Сэрца валадара ў руцэ ГОСПАДА, як ручаі водаў, Ён скіроўвае яго, куды хоча.
Усе шляхі чалавека слушныя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае сэрцы.
Праведнасьць і суд даспадобы ГОСПАДУ больш, чым ахвяра.
Узьнесеныя вочы і надзьмутае сэрца — баразна бязбожных, [і гэта] грэх.
Думкі руплівага [прыносяць] прыбытак, а кожнага нецярплівага — нястачу.
Зьбіраньне скарбаў языком падманлівым — пара, што зьнікае, шуканьне сьмерці.
Злачыннасьць бязбожнікаў зьвернецца на іх, бо яны грэбуюць чыніць суд [справядлівы].
Крывы шлях чалавека нягоднага, а справы чыстага — простыя.
Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.
10  Душа бязбожніка жадае зла, ня знойдзе [ласкі] ў вачах ягоных бліжні яго.
11  Калі караюць насьмешніка, неразумны стаецца мудрэйшым, і калі мудрага вучаць, ён здабывае веданьне.
12  Разважае праведнік пра дом бязбожніка, як гінуць бязбожнікі ў ліхоцьці сваім.
13  Хто вушы свае затыкае на крык убогага, той сам будзе клікаць, але ня будзе адказу.
14  Падарунак таемны тушыць гнеў, а гасьцінец у заўлоньне — вялікую ярасьць.
15  Правасудзьдзе — радасьць для праведніка і загуба для злачынцаў.
16  Чалавек, што зьбіваецца са шляху розуму, супачы?не ў грамадзе памёршых.
17  Хто любіць весяліцца, будзе ў нястачы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым.
18  Вы?купам за праведніка [будзе] бязбожнік, а за правага — ліхадзей.
19  Лепш жыць у зямлі пустыннай, чым з жонкай гняўлівай і сварлівай.
20  Прывабныя скарбы і алей у жытле мудрага, а бязглузды чалавек змарнуе іх.
21  Хто імкнецца да праведнасьці і міласэрнасьці, знойдзе жыцьцё, праведнасьць і славу.
22  Мудры ўвойдзе ў горад магутных і зрыне моц, у якой яны мелі пэўнасьць.
23  Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу сваю ад бедаў.
24  Пыхлівы і дзёрзкі, называны блюзьнерам, робіць усё ў шале нахабства.
25  Жаданьне гультая заб’е яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца працаваць.
26  Кожны дзень ён жадае і прагне, а праведнік дае і не шкадуе.
27  Ахвяра бязбожнікаў — брыдота, тым больш тыя, якія складаюць яе з падступнасьцю.
28  Сьведка хлусьлівы згіне, а чалавек, які слухае, будзе гаварыць заўсёды.
29  Чалавек бязбожны ўпарты абліччам сваім, а правы разумее шлях свой.
30  Няма мудрасьці, і няма розуму, і няма рады насуперак ГОСПАДУ.
31  Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад ГОСПАДА.