Разьдзел 22
Лепш [добрае] імя, чым вялікія багацьці, лепш добрая слава, чым срэбра і золата.
Багаты і бедны сустракаюцца, Творца іх усіх — ГОСПАД.
Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.
[Нагарода] за пакору і страх перад ГОСПАДАМ — багацьце, і слава, і жыцьцё.
Церні і пасткі на шляху крывадушнага, а хто захоўвае душу сваю, той аддаляецца ад іх.
Пастаў юнака на слушны шлях, і ён ня збочыць з яго, нават калі састарэе.
Багаты пануе над бедным, і чалавек, які ўзяў пазыку, — слуга паверніка.
Хто сее беззаконьне, той будзе жаць ліха, і кій гневу ягонага будзе зьнішчаны.
Хто мае добрае вока, той будзе дабраслаўлёны, бо з хлеба свайго дае ўбогаму.
10  Выгані насьмешніка, і адыйдзе звадка, і суцішацца спрэчкі і абразы.
11  Хто любіць чыстасьць сэрца, у таго ласка на вуснах яго, і валадар з ім сябруе.
12  Вочы ГОСПАДА захоўваюць веданьне, Ён касуе словы ліхадзея.
13  Гультай кажа: «Леў на двары, пасярод плошчы буду забіты».
14  Вусны чужаніцы — глыбокая яма, на каго загневаўся ГОСПАД, той уваліцца туды.
15  Дурасьць прывязаная да сэрца юнака, але дубец настаўленьня выганіць яе.
16  Хто ўціскае ўбогага, каб памножыць сваё, і дае багатаму, той згалее.
17  Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё зьвярні да ведаў маіх,
18  бо цудоўна будзе, калі захаваеш іх у нутры тваім, і будуць яны таксама на вуснах тваіх,
19  каб пэўнасьць твая была ў ГОСПАДЗЕ, я вучу цябе сёньня.
20  Ці ж не пісаў я табе тройчы парады і навучаньні,
21  каб паведаміць табе дакладныя словы праўды, каб ты мог перадаць словы праўды тым, што паслалі цябе?
22  Не абдзірай убогага, таму што ён убогі, і не ўціскай прыгнечанага каля брамы,
23  бо ГОСПАД будзе бараніць у справе іхняй і адбярэ душу ў тых, што іх абіраюць.
24  Не сябруй з васпанам гняўлівым і з чалавекам нястрыманым не хадзі,
25  каб ты не навучыўся сьцежкам яго і не нацягнуў пятлі на душу тваю.
26  Ня будзь з тых, што даюць руку, што заручаюцца за даўгі.
27  Калі ня маеш, чым заплаціць, навошта маюць забраць з-пад цябе ложак твой?
28  Не перасоўвай мяжы старадаўняй, якую вызначылі бацькі твае.
29  Ці бачыў ты чалавека, спраўнага ў занятку сваім? Перад абліччам валадароў ён будзе стаяць, ня будзе ён стаяць перад прасьцякамі.