Разьдзел 24
Не зайздросьці людзям ліхім, не жадай быць з імі,
бо пра злачыннасьць думае сэрца іхняе, і пра ліхоту вусны іхнія гавораць.
Мудрсьцю будуецца дом, і розумам умацоўваецца,
і праз веданьне напаўняюцца пакоі яго ўсялякай каштоўнай і прывабнай маёмасьцю.
Мудры чалавек мае моц, і чалавек, які мае веды, умацоўвае сілу [сваю].
Таму з разважлівасьцю вядзі вайну тваю, і пры мностве дарадцаў — выратаваньне.
Занадта высокая мудрасьць для неразумнага, ён не раскрывае ў брамах вуснаў сваіх.
Хто задумляе рабіць ліхое, таго называюць зламысным.
Намеры бязглуздага — грэх, і [намеры] блюзьнера — агіда для чалавека.
10  Калі ты слабы ў дзень бедства, дык малая сіла твая.
11  Ратуй узятых на сьмерць, і ці ж не пашкадуеш тых, якія сказаныя на загубу?
12  Калі скажаш: «Вось, мы ня ведалі гэтага?», ці ж Той, Хто дасьледуе сэрцы, не разумее? Ці ж Той, Хто захоўвае душу тваю, ня ведае? Ці ж Ён не аддасьць чалавеку паводле справаў ягоных?
13  Еш мёд, сыне мой, бо ён добры, і соты салодкія для паднябеньня твайго.
14  Гэтак сама веданьне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, ёсьць будучыня, і надзея твая не загіне.
15  Не цікуй, бязбожніку, каля жытла праведніка, не спусташай месца супачынку ягонага,
16  бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане, а бязбожнікі трапяць у няшчасьце.
17  Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой, і няхай ня цешыцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца,
18  бо часам убачыць ГОСПАД, і будзе [гэта] ліхім у вачах Ягоных, і Ён адверне гнеў Свой ад яго.
19  Не абурайся на ліхотнікаў і не зайздросьці бязбожнікам,
20  бо ня будзе будучыні ліхому, і сьветач бязбожнікаў стухне.
21  Бойся ГОСПАДА, сыне мой, і валадара, і ня зьвязвайся са змоўшчыкамі,
22  бо неспадзявана прыйдзе на іх загуба, і бедства ад іх абодвух хто можа ведаць.
23  Гэта таксама для мудрых: нядобра зважаць на аблічча ў судзе.
24  Таго, хто кажа бязбожніку: «Ты праведны», будуць праклінаць народы і будуць брыдзіцца ім людзі.
25  А тымі, што дакараюць, будуць захапляцца, і зыйдзе на іх шчодрае дабраславенства.
26  У вусны цалуе той, хто адказвае шчырымі словамі.
27  Выканай працу тваю вонках [дому] і скончы яе на полі тваім, а пасьля пабудуй дом твой.
28  Ня сьведчы без прычыны супраць бліжняга твайго, і не падманвай вуснамі тваімі.
29  Не кажы: “Як ён мне зрабіў, так і я зраблю яму, аддам чалавеку паводле справаў яго”.
30  Праходзіў я праз поле гультая і праз вінаграднік чалавека бяз розуму,
31  і вось, усё зарасло асотам, і крапіва пакрыла паверхню яго, і каменная агароджа зруйнаваная.
32  І паглядзеў я, і зьвярнуў [на гэта] сэрца маё, убачыў, і атрымаў настаўленьне:
33  «Крыху пасьпіш, крыху падрэміш, крыху, склаўшы рукі, паляжыш.
34  і прыйдзе, як валацуга, беднасьць твая, і нястача твая — як чалавек узброены».