Разьдзел 25
Гэта таксама прыповесьці Салямона, сабраныя людзьмі Эзэкіі, валадара Юды.
Слава Божая — утоіць справу, а слава валадароў — дасьледаваць справу.
Высокасьць неба, глыбокасьць зямлі і сэрца валадароў недасьледныя.
Аддзялі жужаль ад срэбра, і выйдзе ў майстра начыньне.
Прыбяры бязбожніка ад аблічча валадара, і пасад ягоны ўмацуецца праведнасьцю.
Не ўзьвялічвай сябе перад абліччам валадара і на месцы вялікіх ня стой,
бо лепш, калі скажуць табе: “Узьніміся вышэй”, чым калі панізяць цябе перад абліччам магната, якога бачылі вочы твае.
Не кідайся пасьпешліва судзіцца, бо што зробіш у канцы, калі асароміць цябе бліжні твой.
Вядзі спрэчку з бліжнім тваім і не выяўляй таямніцу іншага,
10  каб той, хто пачуе, не ўпікнуў цябе, і каб не зьвярнулася [супраць] цябе гаворка твая.
11  Як залатыя яблыкі са срэбнымі ўпрыгожваньнямі, так слова, сказанае дарэчы.
12  Як залатыя завушніцы і аздоба са шчырага золата, так мудрае дакараньне для ўважлівага вуха.
13  Як прахалода сьнегу ў дзень жніва, так верны пасланец для таго, хто паслаў яго, ён ажыўляе душу гаспадара свайго.
14  Як хмары і вецер без дажджу, так чалавек, які хваліцца падарункам фальшывым.
15  Цярплівасьцю пераканаеш начальніка, і лагодны язык ломіць костку.
16  [Як] знайшоў мёд, еш, колькі трэба табе, каб ты не пераеў і не званітаваў.
17  Стрымай нагу тваю ад дому бліжняга твайго, каб ты не надакучыў яму і каб ён не ўзьненавідзеў цябе.
18  Як мачуга, меч і вострая страла, так чалавек, які кажа фальшывае сьведчаньне супраць бліжняга свайго.
19  Як гнілы зуб і кульгавая нага, так надзея на ліхадзея ў дзень бедства.
20  Як здымаць адзеньне ў халодны дзень, як [ліць] воцат на салетру, так сьпяваць песьні засмучанаму сэрцу.
21  Калі ненавісьнік твой галодны, накармі яго хлебам, калі смагне, напаі яго вадою,
22  бо гэтым вугольле зьбіраеш на галаву ягоную, і ГОСПАД аднагародзіць табе.
23  Паўночны вецер прыганяе дождж, а язык абмоўніка — гнеў на тварах.
24  Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.
25  Як халодная вада для стомленай душы, так добрыя весткі з далёкага краю.
26  Як скаламучанае жарало і зьнішчаная крыніца, так праведнік, які падае перад бязбожнікам.
27  Як нядобра есьці шмат мёду, так дамагацца сваёй славы ня ёсьць слава.
28  Як горад зруйнаваны і без муроў, так чалавек, які не валодае духам сваім.