Разьдзел 27
Не хваліся заўтрашнім днём, бо ня ведаеш, што гэты дзень народзіць.
Няхай іншы хваліць цябе, а ня вусны твае, нехта чужы, а ня губы твае.
Камень цяжкі і пясок важкі, але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.
Нястрымны гнеў і бязьлітасная ярасьць, але хто ўстаіць перад зайздрасьцю?
Лепш адкрытае дакараньне, чым схаваная любоў.
Раны ад таго, хто любіць, [выказваюць] вернасьць, але шматлікія пацалункі ненавісьніка.
Душа насычаная топчацца па мёдзе, а душы галоднай усё горкае салодкае.
Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так чалавек, які пакідае месца сваё.
Алей і кадзіла радуюць сэрца, а салодкасьць бліжняга — у парадзе ад душы.
10  Не пакідай бліжняга твайго і бліжняга бацькі твайго, і ў дом брата твайго не хадзі ў дзень няшчасьця твайго, бо лепш сусед блізка, чым брат далёка.
11  Будзь мудры, сыне мой, і ўзрадуй сэрца маё, каб мог я адказаць таму, хто зьневажае мяне.
12  Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.
13  Забяры адзеньне яго, бо ён паручы?ўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго.
14  Таму, хто рана раніцаю гучным голасам дабраслаўляе бліжняга свайго, палічаць гэта за праклён.
15  Няспыннае капаньне [праз дах] у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — аднолькавыя.
16  Хто [спрабуе] схаваць яе, хавае вецер і пахкі алей у правай руцэ сваёй, які выдае сябе.
17  Жалеза жалезам вострыцца, а чалавек вострыць аблічча бліжняга свайго.
18  Хто даглядае дрэва фігавае, будзе есьці плады яго, а хто пільнуецца гаспадара свайго, будзе ў пашане.
19  Як у вадзе аблічча да аблічча, так сэрца чалавека — да чалавека.
20  Адхлань і пекла ненасытныя, і вочы чалавека ненасытныя.
21  Літавальны гаршчок для срэбра і горан для золата, а для чалавека — вусны, якія хваляць яго.
22  Хоць будзеш таўчы неразумнага таўкачом паміж зерня ў ступе, дурнота ягоная не адыйдзе ад яго.
23  Ведай добра авечак тваіх, зьвяртай сваё сэрца да статкаў тваіх,
24  бо багацьце ня вечнае, і ці ж дыядэма [перадаецца] з пакаленьня ў пакаленьне?
25  Вырастае трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць сена з гораў.
26  Ягняты — на вопратку табе, і казлы — плата за поле.
27  І досыць казінага малака на ежу табе, і на ежу дому твайму, і на жыцьцё для служак тваіх.