Разьдзел 28
Бязбожнік бяжыць, хоць ніхто не перасьледуе яго, а праведнікі ўпэўненыя, як ільвы.
Дзеля правінаў зямлі шмат у ёй начальнікаў, а праз чалавека, які ведае і разважае, яна даўгавечная.
Чалавек бедны, які ўціскае ўбогіх, як залеўны дождж, [што пакідае] бяз хлеба.
Хто адступаецца ад закону, той хваліць бязбожніка, а хто захоўвае закон, паўстае супраць яго.
Ліхія людзі не разумеюць суду, а тыя, што шукаюць ГОСПАДА, разумеюць усё.
Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым той, які кры?віць шляхі свае, дарма што багаты.
Сын разумны захоўвае закон, а той, хто сябруе з абжорамі, сароміць бацьку свайго.
Хто памнажае маёмасьць сваю квотай і ліхвай, той зьбірае яе для таго, хто літуецца над убогім.
Хто адварочвае вуха сваё, каб ня чуць закону, таго малітва — брыдота.
10  Хто схіляе правых на шлях зла, сам уваліцца ў яму сваю, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае.
11  Мудры ў вачах сваіх чалавек багаты, але ўбогі, які мае розум, выспрабуе яго.
12  Калі праведнікі перамагаюць — вялікая слава, а калі ўздымаюцца бязбожнікі, чалавек хаваецца.
13  Той, хто хавае свае правіны, ня будзе мець посьпеху, а хто прызнаецца і пакідае іх, дазнае міласэрнасьці.
14  Шчасьлівы чалавек, які мае трымценьне заўсёды, а хто робіць цьвёрдым сэрца сваё, трапіць у бяду.
15  Леў рыклівы і мядзьведзь бадзяжны — бязбожны пан над бедным народам.
16  Правадыр, пазбаўлены розуму, робіць шмат крыўды, а хто ненавідзіць хцівасьць, прадоўжыць дні свае.
17  Чалавек, абцяжараны крывёю душы [другога], будзе бегаць да магілы, і ніхто не падтрымае яго.
18  Хто ходзіць беззаганна, будзе ўратаваны, а крывадушны на шляхах [сваіх] упадзе на адным [з іх].
19  Хто абрабляе сваю зямлю, насыціцца хлебам, а хто гоніцца за марнасьцю, насыціцца беднасьцю.
20  Чалавек верны багаты ў дабраславенствы, а хто сьпяшаецца ўзбагацець, не міне пакараньня.
21  Нядобра зважаць на аблічча, бо дзеля кавалку хлеба чалавек робіць беззаконьне.
22  Сьпяшаецца да багацьця чалавек ліхога вока і ня ведае, што нястача прыйдзе на яго.
23  Той, хто дакарае чалавека, знойдзе пасьля [большую] ласку, чым той, хто языком лісьлівіць.
24  Хто абкрадае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «Няма тут віны», той супольнік нішчыцелю.
25  Душа надзьмутая ўзьнімае звадку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе насычаны.
26  Хто спадзяецца на сэрца сваё, той дурань, а хто ходзіць у мудрасьці, будзе збаўлены.
27  Хто дае бедным, ня будзе мець нястачы, а хто хавае вочы свае, мецьме шмат праклёнаў.
28  Калі бязбожнікі ўздымаюцца, людзі хаваюцца, а калі яны гінуць, памнажаюцца праведнікі.