Пс 101
Псальм Давіда. Пра міласэрнасьць і суд буду сьпяваць, Цябе, ГОСПАДЗЕ, буду выслаўляць.
Буду разважаць пра шлях беззаганны. Калі ж Ты прыйдзеш да мяне? Буду хадзіць у беззаганнасьці сэрца майго пасярод дому майго.
Не пастаўлю перад вачыма маімі рэчы нягодныя; учынкі паганыя я ненавіджу, не прылепяцца яны да мяне.
Сэрца падступнае далёка ад мяне, зла не хачу я і ведаць.
Таго, хто ачарняючы, ачарняе таемна бліжняга свайго, я вынішчу; вочы пыхлівыя і сэрца надзьмутае ня буду зносіць.
Вочы мае на верных зямлі, каб жылі пры мне. Той, хто ходзіць па шляху беззаганнасьці, будзе служыць мне.
Ня будзе ў доме маім жыць той, хто здраду кнуе; той, хто гаворыць хлусьліва, ня будзе стаяць перад вачыма маімі.
Раніцаю буду вынішчаць усіх бязбожнікаў зямлі, каб у горадзе ГОСПАДАВЫМ зьнішчыць усіх злачынцаў.