Пс 110
Псальм Давіда. Сказаў ГОСПАД Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа пад стопы Твае!”
Кій моцы тваёй пашле ГОСПАД з Сыёну: “Мей уладу сярод ворагаў тваіх!”
Народ твой у дзень магутнасьці тваёй ахвотна зьбярэцца ў аздобе сьвятой; як раса з улоньня сьвітаньня будзе маладосьць твая.
Прысягнуў ГОСПАД і не раскаецца: “Ты сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка”.
Госпад праваруч цябе у дзень гневу Свайго скрышыць валадароў,
будзе судзіць народы, усё напоўніць трупамі, скрышыць галаву, што пануе над многімі землямі.
Са струменя нап’ецца ў дарозе і дзеля таго ўзвысіць галаву.