Пс 111
1  Альлелюя! Буду славіць ГОСПАДА ўсім сэрцам на нарадзе правых і ў грамадзе.
2  Вялікія дзеяньні ГОСПАДА, годныя ўвагі ўсіх, што імкнуцца да іх.
3  Годнасьць і велічнасьць — справы Ягоныя, і праведнасьць Ягоная будзе трываць вечна.
4  Ён памятнымі зрабіў цуды Свае, ГОСПАД літасьцівы і спагадлівы.
5  Ён ежу дае тым, што баяцца Яго, памятае на вякі запавет Свой.
6  Ён распавёў народу Свайму пра сілу дзеяньняў Сваіх, даючы яму спадчыну народаў.
7  Дзеі рук Ягоных — праўда і суд; усе загады Ягоныя верныя,
8  замацаваныя на вякі вечныя, зробленыя ў праўдзе і шчырасьці.
9  Збаўленьне паслаў Ён народу Свайму, пастанавіў на вякі запавет Свой; сьвятое і страшнае імя Ягонае!
10  Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак мудрасьці; добры розум [маюць] усе, што дзейнічаюць [у страху Божым]. Хвала Ягоная трывае вечна.