Пс 112
1  Альлелюя! Шчасьлівы той чалавек, які баіцца ГОСПАДА і ў прыказаньнях Ягоных мае ўпадабаньне вялікае.
2  Магутным будзе на зямлі насеньне ягонае; пакаленьне правых будзе дабраслаўлёнае.
3  Маёмасьць і багацьце ў доме ягоным, і праведнасьць ягоная будзе трываць вечна.
4  Узыходзіць у цемры сьвятло правым, літасьцівы і спагадлівы, і праведны [Бог].
5  Добра чалавеку, які літуецца і пазычае, які справы свае вядзе згодна з судом.
6  Бо ён ніколі не пахісьнецца; у вечнай памяці будзе праведнік.
7  Ня будзе баяцца, чуючы вестку благую; моцнае сэрца ягонае, ён спадзяецца на ГОСПАДА.
8  Умацаванае сэрца ягонае, ён ня будзе баяцца, аж пакуль угледзіць [загубу] прыгнятальнікаў сваіх.
9  Раскідаў, раздаў бедным; праведнасьць ягоная трывае вечна, рог ягоны ўзьнімецца ў славе.
10  Угледзіць гэта бязбожнік і будзе злаваць, скрыгатаць ён будзе зубамі і змарнее, і жаданьне бязбожніка загіне.