Пс 114
Калі выходзіў Ізраіль з Эгіпту, дом Якуба з народу чужацкага,
стаўся Юда сьвятыняй Ягонай, Ізраіль — [месцам] панаваньня Ягонага.
Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан павярнуў назад.
Горы скакалі, быццам бараны, узгоркі — быццам ягняты.
Што табе, мора, што ты ўцякло? Ты, Ярдане, што павярнуў назад?
Што вы скачаце, горы, быццам бараны, узгоркі — быццам ягняты?
Перад абліччам Госпада задрыжэла зямля, перад абліччам Бога Якубавага,
Які перамяняе скалу ў возера воднае, крамень — у крыніцу водаў.