Пс 12
Кіраўніку хору: на актаву. Псальм Давіда.
Збаў, ГОСПАДЗЕ, бо ня стала багабойных, бо верныя счэзьлі сярод сыноў чалавечых.
Марнасьць прамаўляе кожны да бліжняга, вуснамі лісьлівымі і сэрцам дваістым гавораць.
Няхай адсячэ ГОСПАД усе вусны лісьлівыя, язык, што дзёрзка прамаўляе,
якія кажуць: “Языком нашым пераможам, вусны нашыя з намі! Хто гаспадар для нас?”
За злачынствы супраць прыгнечаных, за стогны ўцісканых паўстану цяпер, – кажа ГОСПАД, – пастаўлю ў бясьпецы таго, на якога дыхаюць [пагрозай].
Словы ГОСПАДА – чыстыя словы, срэбра ў горне ад зямлі ачышчанае, сямікроць ператопленае.
Ты, ГОСПАДЗЕ, абарані іх, захавай іх ад пакаленьня гэтага на вякі.
Навокал ходзяць бязбожнікі, бо сярод сыноў чалавечых узвысіліся найбольш нягодныя.