Пс 13
Кіраўніку хору. Псальм Давіда.
Дакуль, ГОСПАДЗЕ? Ці назаўсёды забудзешся пра мяне? Дакуль будзеш хаваць аблічча Сваё ад мяне?
Дакуль я буду складаць парады ў душы маёй, смутак у сэрцы маім штодня? Дакуль вораг мой будзе ўздымацца нада мною?
Глянь, адкажы мне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Прасьвятлі вочы мае, каб не заснуў я сьмерцю,
каб не казаў вораг мой: “Я перамог яго”, каб прыгнятальнікі мае ня радаваліся, калі я пахіснуся.
А я спадзяюся на міласэрнасьць Тваю; будзе радавацца сэрца маё са збаўленьня Твайго. Буду сьпяваць ГОСПАДУ, бо Ён зрабіў дабро мне.