Пс 14
Кіраўніку хору. Давіда. Сказаў бязглузды ў сэрцы сваім: “Няма Бога!” Сапсаваліся яны і агідныя рэчы робяць, няма таго, хто робіць дабро.
Глянуў ГОСПАД з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, які Бога шукае.
Усе ўхіліліся, усе разам нягодныя; няма нікога, хто робіць дабро, няма аніводнага!
Няўжо ня маюць пазнаньня ўсе злачынцы, якія народ мой зьядаюць, быццам хлеб ядуць, і ГОСПАДА ня клічуць?
І будуць яны там у страху вялікім, бо ёсьць ГОСПАД у пакаленьні праведнікаў!
Радай прыгнечанага вы пагарджаеце, але ГОСПАД — прыстанішча ягонае.
Хто дасьць збаўленьне з Сыёну для Ізраіля? Калі ГОСПАД верне палон народу Свайго, будзе радавацца Якуб і будзе весяліцца Ізраіль!