Пс 120
Сьпеў узыходжаньня. Да ГОСПАДА я клікаў у бядзе маёй, і Ён адказаў мне.
ГОСПАДЗЕ, вызваль душу маю ад вуснаў хлусьлівых, ад языка здрадлівага.
Што дасьць табе ды якую карысьць прынясе язык здрадлівы?
Вострыя стрэлы волата і вугольле ядлоўцавае.
Гора мне, што я жыву ў Мэшэка, што я пасяліўся ля намётаў Кедарскіх!
Вельмі доўга душа мая жыла сярод тых, што ненавідзяць супакой.
Я — [сам] супакой; ды, як толькі прамоўлю, яны [пачынаюць] вайну.