Пс 121
Сьпеў узыходжаньня. Узьнімаю я вочы мае да гораў, адкуль прыйдзе да мяне дапамога.
Дапамога мая ад ГОСПАДА, Які стварыў неба і зямлю.
Ён ня дасьць пахіснуцца назе тваёй, не задрэмле Той, Які захоўвае цябе.
Сапраўды, не задрэмле і ня будзе спаць Той, Які захоўвае Ізраіля.
ГОСПАД — Той, Які захоўвае цябе, ГОСПАД — цень твой праваруч цябе.
Удзень сонца ня ўдарыць цябе, ані месяц уначы.
ГОСПАД будзе захоўваць цябе ад усякага зла, будзе душу тваю Ён захоўваць.
ГОСПАД будзе захоўваць твой выхад і твой уваход ад цяпер і на вякі.