Пс 145
1  Хвала Давіда. Буду вывышаць Цябе, Божа мой і Валадару, і дабраслаўляць імя Тваё на вякі і вечна!
2  Штодня буду дабраслаўляць Цябе і буду хваліць імя Тваё на вякі і вечна.
3  Вялікі ГОСПАД і годны хвалы, і веліч Ягоная недасьледная.
4  Пакаленьне пакаленьню будзе хваліць творы Твае і пра магутнасьць Тваю будзе апавядаць.
5  Пра слаўную годнасьць велічнасьці Тваёй і пра цудоўныя дзеі Твае буду разважаць.
6  Пра магутнасьць [дзеяньняў] страшных Тваіх няхай гавораць яны; а я пра веліч Тваю буду абвяшчаць.
7  Успаміны пра вялікую добрасьць Тваю яны будуць пераказваць і весяліцца дзеля праведнасьці Тваёй.
8  Літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, павольны да гневу і вельмі міласэрны.
9  Добры ГОСПАД да ўсіх, і літасьць Ягоная — па-над усе Ягоныя справы.
10  Няхай славяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, усе творы Твае, і багабойныя Твае няхай дабраслаўляюць Цябе!
11  Пра славу Валадарства Твайго няхай гавораць яны і пра магутнасьць Тваю расказваюць,
12  каб даведаліся сыны чалавечыя пра магутнасьць Ягоную і пра славу велічнасьці Валадарства Ягонага.
13  Валадарства Тваё — валадарства на ўсе вякі, і панаваньне Тваё — ва усіх пакаленьнях.
14  Падтрымлівае ГОСПАД усіх, хто падае, і падыймае ўсіх прыгнечаных.
15  Вочы ўсіх на Цябе ўзіраюцца, і Ты ім спажыву даеш у свой час.
16  Ты расчыняеш руку Тваю і насычаеш усё, што жыве, паводле ўпадабаньня.
17  Праведны ГОСПАД на ўсіх шляхах Сваіх і сьвяты ва усіх справах Сваіх.
18  ГОСПАД блізкі да ўсіх, што клічуць Яго, да ўсіх, што клічуць Яго ў праўдзе.
19  Ён робіць паводле жаданьня тых, што баяцца Яго, і чуе лямант іхні і выбаўляе іх.
20  ГОСПАД захоўвае ўсіх, што любяць Яго, але ўсіх бязбожных Ён зьнішчыць.
21  Хвалу ГОСПАДУ будуць казаць вусны мае, і ўсякае цела няхай дабрасаўляе сьвятое імя Ягонае на вякі і вечна.